Граніца пад асобым кантролем

Тэма адзінага Дня інфармавання, які прайшоў у мінулы чацвер, абрана не выпадкова. Дзяржаўная пагранічная палітыка, змяненні і дапаўненні ў Закон “Аб дзяржаўнай граніцы РБ”, якія ўступілі ў сілу і дзейнічаюць з 23 ліпеня 2015 г., абмяркоўваліся на гэты раз у час сустрэч у працоўных калектывах. Тэма асабліва актуальная для нас, маларытчан, таму што мы суседнічаем з краінай, дзе цяпер няпростая абстаноўка, ідзе грамадзянская вайна. Прэзідэнт нашай краіны першачарговую задачу бачыць у захаванні міру і спакою ў Беларусі, шмат увагі ўдзяляе ўмацаванню граніц. Устанаўліваюцца пагранічныя палосы, павялічваюцца пагранзоны, дзе нам, грамадзянам, трэба захоўваць пэўныя патрабаванні і не быць убаку, а чым можам, неабходна дапамагаць пагранічнікам у ахове граніцы, якая павінна быць на замку.
З пачатку года на маларыцкім участку дзяржаўнай мяжы было затрымана 16 парушальнікаў граніцы, 216 – парушальнікаў пагранічнага рэжыму, на 1 мільярд 865 мільёнаў рублёў — тавара-матэрыяльных каштоўнасцей. Цераз пункты пропуску “Олтуш”, “Макраны”, “Хаціслаў” перасяклі граніцу 1 мільён 325 тысяч грамадзян і 204 тысячы транспартных сродкаў. Пра гэта паведаміў у час сустрэчы інфармацыйна-прапагандысцкай групы на чале са старшынёй райвыканкама Казімірам Лапічам з калектывам ААТ “Маларыцкая райаграпрамтэхніка” начальнік аддзела пагранічнай службы “Маларыта” Аляксандр Кім. Ён растлумачыў, чым адрозніваецца пагранічная паласа ад пагранічнай зоны, расказаў пра змяненні Закона “Аб дзяржаўнай граніцы РБ”, якія ўступілі ў сілу літаральна нядаўна, падкрэсліўшы, што яны накіраваны перш за ўсё на павышэнне ўзроўню пагранічнай бяспекі і абароны эканамічных інтарэсаў Беларусі. Аляксандр Валер’евіч адказаў на пытанні, якіх у работнікаў райаграпрамтэхнікі было нямала. Апошніх цікавіла, напрыклад, тое, якія дакументы трэба мець з сабой, калі працуеш у пагранзоне, а работнікам райаграпрамтэхнікі, якія абслугоўваюць сельгаспрадпрыемствы раёна, даводзіцца працаваць у такіх зонах; калі перасякаеш спрошчаны пункт пропуску “Сушытніца”; які тэрмін даецца на атрыманне пропуску ў пагранзону, што выдаюць у пагранкамендатуры; што рабіць, калі ў выдадзеным пропуску нумар пашпарта прастаўлены не той; і інш. Пытанні былі канкрэтныя, як і канкрэтнымі былі адказы. У прыватнасці, Аляксандр Кім паведаміў, а гэта цікавіць не толькі работнікаў райаграпрамтэхнікі, але і многіх жыхароў раёна, што на афармленне пропуску, які дае права на ўезд у пагранзону, адводзіцца тэрмін у 5 дзён.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: у час Дня інфармавання ў райаграпрамтэхніцы.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 26.08.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!