У вёсцы Мельнікі з’явілася новае месца прыцягнення дзяцей, моладзі і шматдзетных сямей
У вёсцы Мельнікі з’явілася новае месца прыцягнення дзяцей, моладзі і шматдзетных сямей. Тут на вуліцы Юбілейнай была абсталявана дзіцячая гульнёвая спартыўная пляцоўка “Тэрыторыя здароўя”. Гэта стала магчымым дзякуючы рэалізацыі грамадзянскай ініцыятывы.
У гэтым населеным пункце пражывае амаль 650 чалавек, з іх больш за 75 дзяцей ва ўзросце да 13 гадоў. Акрамя таго, у Мельніках налічваецца 16 шматдзетных сем’яў. Да нядаўняга часу ў вёсцы адсутнічалі месцы, дзе былі б створаны ўмовы для правядзення гульнёвага вольнага часу і павышэння фізічнай актыўнасці дзяцей. Асабліва востра гэта датычыцца вуліцы Юбілейнай, дзе пражывае некалькі шматдзетных сем’яў. Бацькоў непакоіла і тое, што зусім побач праходзіць чыгунка, дзе, бывае, любяць гуляць дзеці.
– Таму ўзнікла вострая неабходнасць змяніць сітуацыю, – гаворыць мясцовая жыхарка Вольга Шаламай. – Не раз вяскоўцы збіраліся разам, абмяркоўвалі сітуацыю. За дапамогай звярталіся і ў Хаціслаўскі сельскі Савет. Тагачасны яго старшыня прапанаваў прыняць удзел у адкрытым конкурсным адборы праектаў грамадзянскай ініцыятывы.
І вось за справу ўзялася ініцыятыўная група ў складзе Валянціны Мірчук, Алены Саўчук і Таццяны Кірылавай. Хутка былі падрыхтаваны неабходныя дакументы і пададзена заяўка. На выніковым пасяджэнні конкурсная камісія Брэсцкай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў па адборы праектаў грамадзянскіх ініцыятыў вызначыла “Тэрыторыю здароўя” вёскі Мельнікі адной з пераможцаў.
Выконваючы абавязкі старшыні Хаціслаўскага сельскага Савета Станіслаў Ляшчук паведаміў, што для абсталявання дзіцячай гульнёвай спартыўнай пляцоўкі былі выдзелены сродкі з бюджэту абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў. Актыўна да гэтай справы падключылася і мясцовае насельніцтва, якое сабрала 2179 рублёў. Зрэшты, важным з’яўляецца не колькасць унесеных кожным жыхаром грашовых сродкаў, а яго пасільнае дачыненне да рэалізацыі праекта. Пляцоўка абсталявана, і цяпер вядуцца работы па добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі. У планах – высадзіць зялёныя насаджэнні: туі, ядловец, кустарнікі, дрэвы. Мясцовыя жыхары цяпер самі падтрымліваюць парадак на “Тэрыторыі здароўя”. Спартыўная пляцоўка агульная, таму і клопат пра яе таксама павінен быць агульным.
Ініцыятыва, якая ў Мельніках рэалізавана сумесна мясцовым насельніцтвам і прадстаўнічымі органамі ўлады, варта пераймання ў раёне, бо гэта спрыяе паляпшэнню ўмоў жыцця вяскоўцаў. Адкрытая лёгкадаступная дзіцячая спартыўная пляцоўка, безумоўна, будзе садзейнічаць далучэнню дзяцей да здаровага ладу жыцця.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.
