ІІІ інклюзіўны фестываль дзіцячай творчасці “Немагчымае магчыма” прайшоў у Маларыце
У Маларыцкім раённым цэнтры культуры прайшоў ІІІ інклюзіўны фестываль дзіцячай творчасці “Немагчымае магчыма”, прымеркаваны да Міжнароднага дня інвалідаў. Ініцыятарам і арганізатарам яго правядзення, як і ў мінулыя гады, стаў Маларыцкі раённы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Дэвізам мерапрыемства былі выбраны словы: кожнае дзіця – асаблівае, усе дзеці – роўныя!
Перад пачаткам фестывалю ў фае ўстановы культуры працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі Маларыцкага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, Маларыцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Маларыцкага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Тут жа была разгорнута выстава работ удзельнікаў раённага этапу дзіцячай дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Край мой родны – край любімы”. Пэўны “ажыятаж” назіраўся ля інтэрактыўнай пляцоўкі “Аквагрым”, арганізаванай вучнямі мастацкага аддзялення Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў, а таксама – ля фотазоны. Удзельнікі і госці фестывалю маглі пачаставацца выпечкай і гарачым чаем тэматычная пляцоўка “З абаранкам у самавара”), сваімі рукамі паспрабаваць зрабіць папяровы сувенір, паспытаць шчасце ў бяспройгрышнай латарэі. Весялілі ўсіх прысутных клоўн Вясёлка і клоўны-валанцёры, якія праводзілі спартыўнае шоу-спаборніцтва з жартоўнымі конкурсамі.
Парадавацца творчым поспехам дзяцей прыйшлі старшыня Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў Эдуард Кандзярэшка, намеснік старшыні райвыканкама Галіна Стасюк, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Іна Панасюк, старшыня Брэсцкай абласной калегіі адвакатаў Тамара Шатлікава і інш.
Канцэртную праграму правяла вядучая Алёна Свішчова. Падчас яе да прысутных у зале звярнуліся дырэктар Маларыцкага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Людміла Лукавец, старшыня Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў Эдуард Кандзярэшка, а таксама старшыня Брэсцкай абласной калегіі адвакатаў Тамара Шатлікава, начальнік аддзела па адукацыі Аляксандр Пятручык, благачынны Маларыцкай царкоўнай акругі протаіерэй Віктар Паляціла.
Аляксандр Пятручык і Людміла Лукавец узнагародзілі пераможцаў і прызёраў раённага этапу дзіцячай дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Край мой родны – край любімы” ў намінацыях “Індывідуальная работа”, “Групавая работа”, а намеснік старшыні Маларыцкай раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Вольга Пархаць – у намінацыі “Сямейная работа”.
На сцэне былі прадстаўлены 12 разнастайных творчых нумароў. Гледачоў сваім талентам парадавалі музычны калектыў “Дзеці сонца” (Маларыцкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва), выхаванцы раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, дзіцячых садоў № 1, 2, 5, 6, вучні раённай гімназіі, узорная эстрадная студыя “Забава”, дзіцячы агіттэатр “Гадзіна Пік”, харэаграфічная студыя эстраднага танца “Black Cat”, дзіцячы ўзорны тэатральны калектыў “Каламбур”, а таксама Алена Коцелева, Лілія Чуль, Аліна Дворак і Вікторыя Лышчык.
Дапамогу ў правядзенні ІІІ інклюзіўнага фестывалю дзіцячай творчасці “Немагчымае магчыма” аказалі Маларыцкі раённы цэнтр культуры, магазін “Аладзін” (індывідуальны прадпрымальнік Вольга Ясінская), а таксама – Маларыцкая раённая арганізацыя рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, праваслаўнае сястрынства ў гонар іконы Божай Маці “Усіх тужлівых Радасць” пры храме Мікалая Цудатворцы (г. Маларыта), натарыяльная кантора Маларыцкага раёна і валанцёры раённай гімназіі.
Людміла Лукавец адзначыла, што фестываль у чарговы раз аб’яднаў, пераканаў, што складаныя жыццёвыя сітуацыі не перашкаджаюць праяўляць сябе праз творчасць. Дарэчы, заняткі ёю дазваляюць людзям з абмежаванымі магчымасцямі навучыцца ствараць, развіваць маторыку, творчае мысленне, навучыцца канструктыўна ўспрымаць навакольны свет і ўсведамляць сябе важнай яго часткай.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.
























