Вясковы паштальён

Таццяна Міцук – паштальён Лукава. Асабліва з нецярпеннем яе чакаюць людзі старэйшага ўзросту. Для некаторых з іх паштальён – адна з нямногіх нітачак, якая звязвае з навакольным светам.
З дня ў дзень сваім падпісчыкам цяпер Таццяна Міцук дастаўляе 269 экзэмпляраў газет, 75 часопісаў, каля 20 пісем… Ад жанчыны чакаюць добрых вестак і шчырых размоў. Яе функцыі даўно і незаўважна нават для самой сябе выйшлі за рамкі абавязкаў паштальёна. Таццяна Васільеўна цяпер для вяскоўцаў у адной асобе і суразмоўца, і агітатар, і прапагандыст, і доктар, і дарадца, і псіхолаг, і проста слухач…
— Лукава – вёская немалая, — кажа Таццяна Васільеўна. — Пры неабходнасці амаль штодзень да кожнага чалавека трэба зайсці. Да адных — каб даставіць перыядычныя выданні і выплаціць пенсію, да другіх — прадоўжыць падпіску на газеты, часопісы, да трэціх — каб пераканаць у неабходнасці выпісаць іх, да чацвёртых — каб прынесці паштоўку, пісьмо ад родных… Акрамя таго, у мяне можна аплаціць камунальныя плацяжы і за тэлефон, набыць латарэйныя білеты, тавары пошты, знакі паштовай аплаты, купіць газеты, часопісы…
23 гады штодзень Таццяна Міцук адпраўляецца па ўжо добра вядомым маршруце. Нават у самае дрэннае надвор’е паштальён абавязаны дабрацца да адрасата. Няпроста гэта — быць вясковым паштальёнам. Каб наведаць усіх падпісчыкаў, трэба прайсці ў сярэднім за дзень 13 кіламетраў і насіць на плячы нялёгкую сумку. Паштальён — гэта не проста прафесія і служба. Для Таццяны Васільеўны яна стала прызваннем, лёсам.
— Спачатку было цяжка, цяпер жа – прывыкла, — прызнаецца Таццяна Міцук. –Гэта толькі збоку прафесія паштальёна можа здацца сумнай: з дня ў дзень адны і тыя ж вуліцы, двары і людзі. Аднак у мяне сумных дзён не бывае.
Яна не адразу стала паштаркай. Пасля заканчэння Лукаўскай СШ стала працаваць на Кобрынскай прадзільна-ткацкай фабрыцы. Можа, так там і засталася б. Сум па роднаму Высокаму не даваў спакою. Вёска цягнула да сябе назад.
— За тры гады да горада, яго шуму, рытму так і не змагла прывыкнуць, — гаворыць Таццяна Васільеўна. –У горадзе мне падалося сумна. А тут яшчэ і мама захварэла.
Кінуўшы ўсё, паляцела дзяўчына назад, у сваё Высокае.
Тагачасны начальнік пошты Валерый Лядзянкін прапанаваў папрацаваць паштальёнам.
— Я амаль адразу згадзілася, хоць і адчувала пэўную адказнасць. Аднак хваляванні былі марнымі. Думкі аб тым, каб памяняць прафесію, не ўзнікала больш ніколі. Таму з пачатку чэрвеня 1992г. па сённяшні дзень так і працую вясковым паштальёнам.
* * *
— Таццяна Васільеўна, якія перыядычныя выданні выпісваюць жыхары Лукава?
— Вяскоўцы аддаюць перавагу газетам “Голас часу” (112 экзэмпляраў), “Советская Белоруссия” (44), “Заря” (34), “Настаўніцкая газета”, “Беларуская лясная газета”, часопісам — “Народны доктар”, “Кудесница”, “Мир с Богом”, “Гаспадыня”, “Хозяин”… Жыхары Лукава таксама выпісваюць і перыядычныя выданні для дзяцей.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Таццяна Міцук, паштальён в. Лукава.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 23.09.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!