За пяць крокаў да стагоддзя

Уладзімір Бойка, старшыня Маларыцкай раённай арганізацыі “Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў”, Людміла Алесік, дырэктар Маларыцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, і Святлана Вітаноўская, старшыня Арэхаўскага сельскага Савета, гэтымі днямі завіталі да Івана Бягезы, каб павіншаваць яго з 95-годдзем. Іван Раманавіч на сённяшні дзень – адзін з самых старэйшых жыхароў раёна.

Яго жыццё было не з лёгкіх. Успаміны пра мінулае выклікаюць розныя эмоцыі: ад адных у Івана Раманавіча наварочваюцца слёзы на вачах, ад іншых з’яўляецца ледзь прыкметная ўсмешка. Але найбольш трывожыць сэрца ветэрана ваеннае ліхалецце. Ніяк яно не сціраецца з памяці. Мужчына яшчэ і цяпер добра памятае голад, холад, разруху, боль, кроў, страты, стрэлы, пажары апошняй вайны.
Іван Раманавіч нарадзіўся 19 верасня 1920 года ў в. Арэхава. Калі было 2 гады, застаўся круглым сіратой. Пазней хлопчыка на выхаванне ўзяў брат. Да вайны Іван Бягеза працаваў у Ленінградскай вобласці на папяровай фабрыцы. Вярнуўшыся ў родныя мясціны, ва ўзросце 22-х гадоў пайшоў на фронт, дзе ваяваў кулямётчыкам. Ён неаднойчы глядзеў смерці ў твар, аплакваў баявых сяброў, якія загінулі. Іван Бягеза вызваляў ад фашысцкіх захопнікаў Варшаву, а ля Берліна быў паранены ў галаву. Пасля шпіталя, падлячыўшыся, зноў вярнуўся на фронт. За праяўленыя мужнасць, смеласць і гераізм у гады Другой сусветнай вайны ўзнага­роджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені.
У 1947 годзе Іван Раманавіч узяў шлюб з Верай Сцяпанаўнай, з якой шчасліва, душа ў душу, пражыў 68 гадоў. Жанчыне цяпер ужо 91 год. Муж і жонка жылі дружна, сваімі сіламі ўзвялі дом і гаспадарчыя пабудовы, пасадзілі вялікі сад, усё жыццё ладна вялі гаспадарку.
Іван Бягеза доўгі час працаваў у калгасе “Зара”. Больш за 30 гадоў ён быў брыгадзірам рыбалоўнай брыгады в.Арэхава. У вольны ад работы час хадзіў на паляванне. Па словах аднавяскоўцаў, Іван Раманавіч быў майстрам на ўсе рукі, ніколі нікому не адмаўляў у дапамозе. Таму і сёння ён карыстаецца павагай сярод сяльчан.
Іван Раманавіч і Вера Сцяпанаўна выгадавалі і выхавалі чацвярых сыноў. На жаль, старэйшы, калі выконваў інтэрнацыянальны абавязак, загінуў у Чэхаславакіі. Цяпер род Бягезаў працягваюць чацвёра ўнукаў і чацвёра праўнукаў.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Іван Бягеза з в. Арэхава прымае віншаванні з юбілеем.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 23.09.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!