“Мой анёл-выратавальнiк…”
Была гэта ўрачэбная памылка ці сапраўды такія ўскладненні далі другія роды – невядома. Толькі факт застаецца фактам: калі 25-гадовая Зінаіда Кернога выпісвалася з радзільнага дома, ёй быў пастаўлены дыягназ: рассеяны склероз. Два тыдні пасля бальніцы Зіна магла яшчэ больш-менш рухацца, хоць і са спецыяльным прыстасаваннем, але хадзіць. Толькі пасля з кожным днём усё больш і больш адчуваўся нясцерпны боль у спіне, рэзка знізіўся зрок. Немачы жанчына не паддавалася. Балазе, другая палавіна, муж Уладзімір, быў салідарны з ёй, і разам стараліся выкарыстоўваць любыя магчымасці, слухалі любыя парады, не лічылі лішнім аб’ездзіць не аднаго кастаправа, спадзеючыся, вядома ж, хоць на які, але станоўчы эфект. Толькі вось каварная хвароба на зусім не адступала. Праўда, Зінаіда тады, хоць і дрэнна, але па-ранейшаму хадзіла сваімі нагамі. Старалася з апошніх сіл нешта рабіць, каб не абцяжарваць і без таго вялікія клопаты мужа. Але, на вялікі жаль, цяжкае захворванне з кожным годам давала аб сабе ведаць усё больш і больш. А апошнія 10 гадоў Зіна не абыходзіцца без інваліднай каляскі. Як па-ранейшаму не можа абысціся без свайго анёла-выратавальніка – так яна называе мужа. Ён яе і левая, і правая рука. У прамым і пераносным сэнсе. Бо не слухаюцца цяпер ужо не толькі ногі, але і рукі, асабліва правая. І рухацца самой па кватэры нават у калясцы становіцца ўсё цяжэй і цяжэй.
Але жанчына не адчайваецца. Зіна ўпэўнена: у сваёй барацьбе за жыццё яна не адна. Разам з ёю – дружная сям’я: муж, дзеці, унукі, зяць і нявестка, сваты, суседзі, родзічы – добрыя сэрцам людзі.
– Мне здаецца, калі б не ўсе яны, – прызнаецца Зінаіда, – я б столькі не пражыла.
А Зінаіда любіць жыццё. Такое, якое яно ёсць. І ніколі не ставіць перад Усявышнім пытанне: “За што мне гэта?” Яна змірылася з той думкай, што Бог кожнаму пасылае свае выпрабаванні. Ёй выпалі такія.
Зіна стараецца быць аптымісткай, нягледзячы ні на што, хаця толькі яна добра ведае, што ты адчуваеш, калі не можаш хадзіць, не можаш сам устаць з ложка і легчы ў яго, перасесці ў каляску ці падняцца з яе, калі тваё жыццё абмежавана чатырма сценамі, калі ты не можаш самага звычайнага: умыцца, прычасацца, сам паесці ці прыбраць за сабою, выканаць просьбу малога ўнучка, якому тэрмінова трэба нешта прынесці ці падаць.
– Я ўвесь час прыспешвала сваё жыццё, – дзеліцца Зіна. – Мне хацелася, каб хутчэй выраслі дзеці, каб вывучыць іх, дачку замуж аддаць, а сына ажаніць, дачакацца ўнукаў. Дзякуй Богу, усё склалася так, як мне хацелася.
Каця і Ігар закончылі навучальныя ўстановы, працуюць. Каця – псіхолагам, Ігар – фельчарам у аддзяленні хуткай дапамогі Маларыцкай райбальніцы. Можа, таму і выбраў ён гэтую прафесію, каб дапамагаць хворым людзям. Бо з маленства ведаў, што значыць хворы чалавек у сям’і, – працягвала Зіна. – І цяпер прыедзе, і масаж мне зробіць, і шчыра пагутарыць, і нечым падзеліцца. Заўсёды вучу яго быць чулым і тактоўным у адносінах да людзей, любіць іх. Любоў бліжняга нас сагравае, дае нам сілы жыць.
Бязмежна рада я і за дачку, што знайшла сваё месца ў жыцці, набыла добрую спецыяльнасць, якая зноў жа звязана з людзьмі, з неабходнасцю дапамагаць ім.
Дзеці ні дня не прапусцяць, каб не патэлефанавалі, не пацікавіліся маім самаадчуваннем.
Ведаеце, чаго больш баялася, калі даведалася, што Каця мая замуж выходзіць? Як успрыме мяне, інваліда-калясачніка, зяць? А раптам будзе грэбаваць. Усякія ж людзі бываюць. І як прыемна, што я памылілася. Калі была малой, Каця мая гаварыла: “ У мяне, мама, як і ў цябе, будзе муж з Баранавіч. А гэта значыць, што ён будзе такім добрым і чулым, як наш тата”. І хоць зяць наш не з Баранавіч, а з Маларыты, ён добры, чулы, шчыры чалавек, са светлай душой.
Рады Керногі і нявестцы сваёй. У ліпені гэтага года сын Ігар ажаніўся. І на яго вяселлі, на жаль, маці не магла прысутнічаць, бачыла ўсю ўрачыстую цырымонію толькі праз акно. Але пра яе не забылі. Пасля сямейнай урачыстасці сын і нявестка прыехалі дамоў, расцалавалі маці, а нявестка падарыла прыгожы букет кветак і падзякавала за сына.
…Уважліва ўглядваюся ў твар Зінаіды. Правільныя рысы, добрыя вочы і прыемная ўсмешка. Зінаіда са шчырай удзячнасцю расказвае пра свайго мужа: дзе і як пазнаёміліся, пра сям’ю яго. Слухаю маю гераіню, раблю вывад, што Бог нездарма паслаў гэтай жанчыне ў спадарожнікі жыцця такога чалавека: надзейнага, адданага, чулага, уважлівага, бязмежна трывалага і добрага. Акажыся на яго месцы нехта іншы, невядома, быў бы ён усе гэтыя 22 гады побач з любімым чалавекам, узяўшы ўсе цяжкасці яго на сябе і раздзяліўшы душэўны і фізічны боль.
Уладзімір рос у шматдзетнай сям’і, рана застаўся без маці. Выхоўвала іх, чацвярых дзяцей, мачаха. І хоць нічога кепскага пра яе Уладзімір успомніць не можа, ён ведае, што такое расці без маці.
– Валодзя добра ведае, што дзецям родную маці ніхто не заменіць, – дзялілася Зінаіда. – Таму і стараецца берагчы мяне для іх. Няхай я сабе і нямоглая, але жывая, ёсць. Яны да мяне і за парадай едуць, і за падказкай, і радасцю сваёю стараюцца са мною падзяліцца. Хаця і тату вельмі любяць, шкадуюць і за яго перажываюць, добра ведаючы, што ў таты найцяжэйшая ноша. Тым больш, што і ён 3 гады назад перанёс цяжкую хваробу – інсульт. Для мяне тады настаў канец свету, – прызнаецца Зінаіда. – Сама нямоглая, у кватэры распачалі рамонт, Валодзю ў коме забрала “хуткая” і павезла ў рэанімацыйнае аддзяленне ў Брэст, дачка ў раддоме, сыну трэба даглядаць за татам. Як быць? Месяц у мяне начавала і дапамагала спраўляцца з бедамі суседка. І зяць быў побач. Дзякуй ім. Калі прыехаў Валодзя з бальніцы, таксама слаба хадзіў. Але я ведала, што каб аднавіць свае сілы пасля інсульту, неабходна цярпенне, неймаверная сіла волі і такое ж жаданне працаваць над сабою. Тры гады спатрэбілася Валодзю, каб быць, як гаворыцца, зноў у страі. Я сама прымушала яго рабіць такое, што б дапамагала распрацоўваць рукі, аднаўляць свае сілы. Слава Богу, муж паправіўся. Хаця я па-ранейшаму за яго больш перажываю, чым за сябе. І дзецям даю наказ, каб бераглі тату.
…Уладзімір, які на хвілінку забег дамоў з работы, дапамагае Зіне пераехаць на кухню, запрашае нас разам адведаць духмяны чай. З задавальненнем частуемся. Зіна раскрывае нам яшчэ адзін сакрэт: Уладзімір вельмі смачна гатуе стравы.
– Што б ні згатаваў, усё – смаката. А ведаеце, чаму? Яны, мужыкі, нічога ніколі не шкадуюць. Гэта наш брат часам недалье, недасыпле, недадасць, каб з’эканоміць, а яны – ад шчырай душы, галоўнае, каб смачна было.
Умее Уладзімір не толькі смачна гатаваць стравы, мыць бялізну, прыбіраць у кватэры, але і спраўляецца з падсобнай гаспадаркай. Раней нават кароўку трымаў. Умее ўсё і гатовы на ўсё, добра разумеючы, што калі ўжо выпаў у жыцці яму такі крыж, трэба цярпліва і пакорліва несці яго, трэба выконваць дзве ролі: і сваю, бацькоўскую, і Зініну – мацярынскую. Ён, як і належыць, па-бацькоўску і па-мацярынску цёпла і шчыра сустракаў і сустракае дзяцей на родным парозе, калі яны вучыліся, і цяпер, калі прыязджаюць, гэтак жа цёпла праводзіў. І ў сумку ведае, што трэба пакласці, каб не з пустой паехалі. Яго ніколькі не бянтэжыла, калі з хлебам-соллю сустракаў дзяцей-маладажонаў і благаславіў іх і за сябе, і за маці. І нават калі па народнай традыцыі замест маці на вяселлі здымаў вэлюм з галавы нявесткі, не разгубіўся, хаця рабіў гэта першы раз.
Валодзя здольны на ўсё дзеля яе, любімага чалавека, з якім яны вось ужо 27 гадоў – адно цэлае.
– Іншы раз, калі цяжка на душы, і бачу, як ён пакутуе са мной, кажу: “Надакучыла я вам усім…”. А ў адказ чую: “Больш такога ніколі не гавары, пакрыўджуся!”
Я заўсёды верыла Валодзю. Бо ён з першага дня і па сённяшні заўсёды ляцеў і ляціць у сям’ю…
Ірына КАСЦЕВІЧ.
в. Арэхава.
НА ЗДЫМКУ: Зінаіда КЕРНОГА разам са сваім анёлам-выратавальнікам.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.
Опубликовано в “ГЧ” 30.09.2015 г.