“Мы зайздросцім вам, беларусам”

Не ведаю, як хто, а асабіста я не адношуся да той катэгорыі людзей, якія лічаць, што, каб цудоўна адпачыць, трэба абавязкова падавацца за далёкія моры і акіяны. У нас у Беларусі таксама ёсць усё, каб з карысцю і змястоўна правесці свой водпуск. Выбірай любы куточак – і ў шлях. Былі б толькі жаданне і грошы.

І.
І сёлета пашчасціла правесці свой водпуск у адной са здраўніц Беларусі. На гэты раз я ехала ў “Іслач” – санаторый Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі. Гэтая здраўніца знаходзіцца ў маляўнічым куточку Мінскай узвышанасці сярод хваёвага лесу, што на абрывістым пясчаным беразе звілістай ракі з аднайменнай назвай. Прызнацца, такой чысцюткай, празрыстай і, як сцвярджаюць акадэмікі, багатай кіслародам вады, дзе водзіцца нават фарэль, не бачыла даўно.
Кожны дзень, як толькі выпадала вольная хвіліна, ты аддаваўся прыродзе (балазе, надвор’е ўвесь час стаяла цудоўнае). Куды б ні завяла цябе сцяжынка здароўя, у які б куточак ні зазірнуў, дзе б ні прысеў, прагрэтае сонцам, напоўненае пахам хвоі паветра, маляўнічыя віды наваколля стваралі асаблівы мікраклімат, які станоўча ўздзейнічаў на твой настрой, узнімаў яго.
Прыгожая ўсё ж наша беларуская прырода! Вось і ў лесе ля Іслачы, дзе пераважаюць хвоі, бярозы, дубы, ядловец, а дзе-нідзе сустракаюцца і рабіна з клёнам, ліпа і асіна, – неапісальнае хараство. А кіслароду тут – ну проста ўпіваешся ім.
Згадзіцеся, мы мала па-сапраўднаму зносімся з прыродай і рэдка калі знаходзім магчымасці, каб проста пасядзець, прыпёршыся да дуба ці бярозы, якія абавязкова перадаюць чалавеку станоўчую энергію, зазірнуць у свой унутраны свет, памарыць. Ну, грыбы; ну, ягады; ну, нейкі пікнічок. Але гэта не тое. Мы не знаходзім часу, каб у поўнай меры атрымаць асалоду ад некранутага казачнага хараства ляснога царства, дзе часцей за ўсё ўладараць цішыня і спакой, дзе адрываеш свае думкі ад дрэннага, і твая душа настройваецца на светлае і добрае.
…З-за хвой паказалася сонейка. Ласкавае, яркае, даючы тым самым ведаць, што і гэты дзень будзе пагодлівым. Калі выходзіш на ранішнюю прагулку, міжволі становішся сведкам нараджэння новага дня і, з кожным крокам адчуваючы ўсю большую пяшчоту сонечных промняў, разумееш: сёння табе зноў даецца магчымасць разам з прыродай радавацца жыццю. І не хацелася вяртацца назад, у свой гасцінічны нумар ці ў лячэбны кабінет, каб прайсці нейкую працэдуру.
ІІ.
Зрэшты, наконт працэдур. Усе, якія прапісваў доктар, а гэта больш за 10, былі бясплатныя, дакладней, уваходзілі ў кошт пуцёўкі і вельмі карысныя ў плане аздараўлення ўсяго арганізма. І не толькі таму, што аказвалі лячэбнае ўздзеянне, але і прыносілі маральнае задавальненне. Бо працуюць у санаторыі ўсе без выключэння чулыя, добрыя, вельмі ўважлівыя і высокапрафесійныя медработнікі. А да доктара Дзіяны Анатольеўны Івановай, намесніка галоўнага ўрача санаторыя, неўролага па спецыяльнасці, проста не прабіцца. Усе, хто прыязджае ў санаторый, у тым ліку і расіяне, лічаць за шчасце, трапіць менавіта да яе. Па-першае, Дзіяна Анатольеўна прафесійна адукавана, улічваючы твой узрост, генную схільнасць, наяўныя дыягназы, падбірае працэдуры. Па-другое, пры неабходнасці назначыць медыкаментознае лячэнне захворванняў неўралагічнага профілю. Па-трэцяе, дасць кансультацыю. Па-чацвёртае, па жаданні кожнага зробіць эксклюзіўнае камп’ютарнае даследаванне работы ўсіх сістэм арганізма. Трэба сказаць, што “Іслач” – адзіны беларускі санаторый, дзе ёсць апарат для эксклюзіўнага даследавання. У чым яго сутнасць? Без здачы аналізаў камп’ютар сам вызначае асноўныя паказчыкі – гемаглабін, узровень цукру ў крыві, халестырыну, работу сэрца, нырак і іншых унутраных органаў. Карацей кажучы, усяго арганізма. Затым сам выстаўляе дыягназы. Зрэшты, абапіраючыся на дадзеныя даследавання і дыягназы, пастаўленыя камп’ютарам, Дзіяна Анатольеўна падкажа, што ў вас не так, якіх спецыялістаў трэба абавязкова наведаць, якія органы даюць збой. Калі гэта датычыць захворванняў яе профілю, выпіша рэцэпт. Каштуе такое даследаванне 120 тысяч беларускіх рублёў. Хачу ўдакладніць, зрабіць эксклюзіўнае даследаванне могуць усе, хто жадае. Адно дрэнна, трэба доўга стаяць у чарзе.
ІІІ.
“Мы зайздросцім вам, беларусам”, – прызналіся мае суседкі-сяброўкі расіянкі Марына Ветрава і Наталля Дзянісава. Першая ў нас у Беларусі сёлета адпачывала ўжо другі раз, другая – чацвёрты. Усё ў тым жа санаторыі “Іслач”. Разам з сям’ёю. Любяць яны нашу краіну. І зноў жа, як і большасць расіян, падкрэсліваюць, што перш за ўсё ў нас парадак і чысціня, захапляюцца чулымі і добрымі беларусамі.
– Мы ўехалі на тэрыторыю Беларусі, – прызнавалася Марына, – і я нідзе не бачыла ніводнай выкінутай паперкі. Таму і свае фанцікі з-пад цукерак везла ў мяшку для смецця, сорамна было выкідваць. Калі ж прыехалі ў Мінск, здавалася, што трапілі ў адну са сталіц заходніх краін. Вельмі прыгожы ваш горад-герой! А людзі! У каго што б ні спытаў, ветліва адкажуць, падкажуць, параяць. Да добразычлівых і чулых беларусаў заўсёды едзеш з вялікім задавальненнем. Ды і лячэнне ў вашых санаторыях для нас у 2 разы таннейшае, чым у нашых! А прадукты ў вас якія якасныя і смачныя, асабліва малочныя. Калі ў нашых маскоўскіх магазінах бываюць, купляеш іх з вялікім задавальненнем. І прамысловыя тавары беларускія ні ў чым не ўступаюць заходнім. Малайцы, беларусы!
З задавальненнем ездзілі Марына і Наталля, як і многія іншыя, на экскурсіі: па вячэрнім Мінску, у Радашковічы на завод керамікі, у Несвіж, у Мір, Полацк, Віцебск, у Хатынь. А калі прыязджалі адтуль, асабліва з Хатыні, многія плакалі, асабліва пажылыя людзі, якія ведаюць, што такое вайна.
На адлегласці 1,5 кіламетра ад санаторыя – аграгарадок “Ракаў”. 29 жніўня, якраз у суботу, гэты населены пункт адзначаў сваё 550-годдзе. І мы, беларусы, разам з расіянамі пайшлі на свята. Скажу шчыра: не было сорамна перад сваімі братамі-расіянамі. Аграгарадок – чысцюткі, шмат новых дыхтоўных дамоў, цудоўныя храмы – праваслаўны, каталіцкі, пратэстанцкі і нават сінагога. Яны – архітэктурныя збудаванні пачатку ХVІ – ХІХ стагоддзяў. У Ракаве шыкоўныя аб’екты сацкультбыту. У той дзень тут адкрывалі новую школу мастацтваў – дыхтоўны сучасны будынак, у якім ёсць усё для камфортнай работы і вучобы.
І хоць мы з маёй сяброўкай Ірынай Іванаўнай прадстаўлялі не Міншчыну, а Гро­дзеншчыну і Брэстчыну, усё роўна гонар за нашу цудоўную краіну перапаўняў сэрца.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: у такім маляўнічым куточку размешчаны санаторый «Іслач».

Опубликовано в “ГЧ” 30.09.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий