Штогадовыя традыцыйныя Калядкі прайшлі у храме свяціцеля Мікалая Цудатворцы райцэнтра
Восьмага студзеня на вячэрнім богаслужэнні ў храме свяціцеля Мікалая Цудатворцы райцэнтра было шмат прыхаджан. У іх ліку – старшыня Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў Эдуард Кандзярэшка, намеснік старшыні райвыканкама Галіна Стасюк.
Пасля заканчэння богаслужэння прысутных з Нараджэннем Хрыстовым шчыра павіншаваў Эдуард Кандзярэшка. Ён адзначыў, што Раство – адно з самых глыбокіх па сваім сэнсе хрысціянскіх свят. Яно сімвалізуе нараджэнне чалавека, якому наканавана здзейсніць подзвіг, ахвяраваць сабой дзеля выратавання людзей.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў пажадаў усім моцнага здароўя, дабрабыту, поспехаў, аптымізму, каб 2026 год прынёс утульнасць, гармонію, спакой у кожную сем’ю, каб у іх заўсёды панаваў лад, любоў, узаемапаразуменне, каб цудоўная атмасфера калядных дзён стала невычэрпнай крыніцай духоўнай сілы на ўвесь год.
Затым у храме пачаліся штогадовыя традыцыйныя Калядкі – духоўныя песнапенні, у якіх услаўляўся народжаны Ісус Хрыстос. У іх прынялі ўдзел хор храма свяціцеля Мікалая Цудатворцы райцэнтра (рэгент Валянціна Паляціла), хор праваслаўнага сястрынства ў гонар іконы Божай Маці “Усіх тужлівых радасць” пры храме Мікалая Цудатворцы г.Маларыта (рэгент Ганна Баліцэвіч). Сваімі песнапеннямі тых, хто быў у царкве, таксама парадавалі зводны хор прыходаў вёсак Збураж і Замшаны, хары праваслаўных прыходаў аг. Арэхава, Олтуш (дарослы і дзіцячы), в. Масевічы, Мікалаеўскага гарнізоннага сабора (г. Брэст). Народжанага Ісуса Хрыста ўслаўлялі на рускай, беларускай і ўкраінскай мовах.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.








