“Славім мудрасць і маладосць душы”

Пад такою назваю ў гарадскім Доме культуры прайшло свята-ўшанаванне, прымеркаванае да Дня пажылых людзей. Іх, чый узрост называюць залатым, у Доме культуры з радасцю чакалі яшчэ з самага ранку. І пажылыя людзі, забыўшы пра ўсё, адклалі свае справы, прыйшлі сюды. Прыйшлі, каб разам парадавацца чарговай сустрэчы, убачыць адзін аднаго, шчыра ўсміхнуцца, пагаварыць аб усім.
Да пачатку ўрачыстага мерапрыемства тыя, хто ўжо ўступіў ў восеньскую пару жыцця, маглі памераць свой артэрыяльны ціск і ўзровень цукру ў крыві, прыняць удзел у шахматна-шашачнам турніры, наведаць кніжную выставу “Мы чытаем – не сумуем”, выставу работ аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў. Работнікі ААТ «Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат» і хлебазавода запрашалі прадэгусціраваць сваю прадукцыю, а фармацэўты аптэкі №14 прапаноўвалі паспрабаваць фітачаі – вітамінны і сардэчна-сасудзісты. У чарговы раз парадаваў прысутных яблыкамі і грушамі са свайго саду Аляксей Крываблоцкі. Нельга было абысці ўвагай і фотаздымкі, на якіх алюстраваны падворкі ветэранаў.
Цікавым, яскравым і запамінальным быў святочны канцэрт “Асенні ўзрост”, рэжысёрам і вядучай якога стала Вольга Жыльцова.
У Вадзіма Шпетнага, намесніка старшыні райвыканкама, знайшлося нямала добрых слоў у адрас пажылых людзей. “Чалавеку сталага, мудрага ўзросту – асаблівая ўвага, пашана ў нашай краіне, – сказаў Вадзім Паўлавіч, звяртаючыся да прысутных. – Вялікая частка працы кожнага з вас закладзена ў фундамент дабрабыту народа, краіны і яе сучаснага аблічча”.
Шчырыя віншаванні пажылым людзям, якія былі ў зале, выказалі Людміла Алесік, дырэктар тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, і Уладзімір Бойка, старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, а таксама протаіерэй Віктар Паляціла, настаяцель Мікалаеўскай царквы райцэнтра, благачынны Маларыцкай царкоўнай акругі. Айцец Віктар сказаў, што калі чалавек жыве правільна, па законах Божых і чалавечых, то плынь часу робіць яго не бяднейшым, а багацейшым, пажадаў, каб мудрая старасць з кожным годам станавілася шчаслівейшай і была больш радаснай.
Людзям шаноўнага ўзросту песенныя віншаванні дарылі самадзейныя артысты- салісты ГДК (Вікторыя Ляўчук, Алена Палівода, Яўгенія Наўрасюк, Аляксей Пішчык). Не магло не крануць і выступленне народнага хору ветэранаў (кіраўнік Галіна Бягеза). Цёпла былі успрыняты і вершы Еўдакіі Аўдзяюк са Збуража.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: моманты свята, прымеркаванага да Дня пажылых людзей, у гарадскім Доме культуры.
Фота аўтара.

Опубликовано в “ГЧ” 7.10.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий