Карцінкі з глыбінкі: Дубічна

На ўездзе ў вёску Дубічна, што ў Велікарыцкім сельсавеце, стаіць указальнік, які скіроўвае падарожнікаў да мясцовай славутасці – шматвекавога Цара-дуба. Мабыць, гэтаму асілку-дубу, што знаходзіцца непадалёку, у Пажэжынскім лясніцтве, вёска абавязана і сваёй назвай. Прынамсі, так лічаць мясцовыя жыхары.

На сённяшні дзень, па дадзеных сельсавета, у Дубічне зарэгістравана 105 жыхароў:  65 працаздольных, 32 пенсіянеры і 8 непаўналетніх. Шмат участкаў са старэнькімі хатамі павыкуплялі тут  гараджане з намерам выкарыстоўваць іх у якасці лецішчаў ды пасадзіць побач ягаднікі. Мінулай вясной была заасфальтавана дарога ад Дубічна да Новага Раматова, што таксама спрыяе развіццю вёсак, асфальт ляжыць і амаль па ўсёй цэнтральнай вуліцы Дубічна.

Важны сацыяльны аб’ект – крама

Завітаўшы ў вёску ў адзін з апошніх дзён года, мы адразу накіраваліся ў мясцовую краму, што зусім нядаўна пераехала ў невялікі будынак былога паштовага аддзялення, дзе паразмаўлялі з прадаўцом Марыяй Пекус і пакупнікамі. Як мы даведаліся, раней крама райспажыўтаварыства знаходзілася ў суседнім  даволі вялікім будынку, і з цягам часу ёй пагражала закрыццё па прычыне стратнасці. Ды знайшоўся індывідуальны прадпрымальнік, гэта быў Пётр Зварыч, які выкупіў абодва будынкі з умовай, што гандлёвы аб’ект у вёсцы застанецца і размесціцца ў былым паштовым аддзяленні. Такі варыянт задаволіў усіх, асабліва мясцовых жыхароў, якія вельмі ж хацелі, каб у іх працаваў стацыянарны гандлёвы аб’ект. Тым больш, што і прадавец свой ёсць. Марыя Пекус пасля заканчэння Маларыцкага кааператыўнага вучылішча аддала працы ў гандлёвай кропцы в. Дубічна больш за сорак гадоў. Зараз, па словах Марыі Іванаўны, крама працуе чатыры дні на тыдзень. Райспажыўтаварыства  забяспечвае тут добры асартымент малочных і мясных прадуктаў, бакалеі, кандытарскіх вырабаў, тры разы на тыдзень у краму дастаўляюць свежы хлеб. Ёсць і палічка з самымі неабходнымі прамысловымі таварамі.

Доўгажыхарка і майстрыха

Марыя Пекус яшчэ на паўстаўкі працуе сацыяльным работнікам. Яна і пазнаёміла нас са сваёй падапечнай – 92-гадовай Марыяй Ульяніцкай. Марыя Цімафееўна працавала ў ОРСаўскай сталовай у Брэсце, а яе муж Яўген – машыністам на чыгунцы. Адзіная дачушка бабулі Марыі памерла яшчэ маленькай, і Бог не даў ёй больш дзетак. А чатырнаццаць гадоў таму, калі засталася ўдавой, Марыя Цімафееўна прадала кватэру ў Брэсце і вярнулася ў бацькоўскі дом. Так і жыве ў сваёй маленькай хатцы. Нягледзячы на ўзрост, кожны год яшчэ садзіць бульбу, памідоры, іншую гародніну, праполвае свае грады і збірае ўраджай. Час ад часу праведвае яе пляменніца з Брэста, дапамагае сацыяльны работнік, але, як гаворыць жанчына, яна яшчэ і сама шмат чаго можа рабіць. Што найбольш нас уразіла, дык гэта тое, што бабуля ў свае 92 гады вышывае ручнікі ды сурвэткі, да таго ж без акуляраў. ”Я да гэтай працы з маладосці прывычная, – гаворыць Марыя Цімафееўна. – Бывае, і аднавяскоўцы заказваюць мне вышыўку”.

Акрамя Марыі Ульяніцкай, жыве ў Дубічне ў дачкі яшчэ адна доўгажыхарка – гэта Ганна Мілер, якая нарадзілася ў 1926 годзе. А самаму маленькаму жыхару вёскі, Дзіме Іўлеву, няма яшчэ і двух гадоў.

Кліча бацькоўская зямля

Ужо чатыры гады жыве ў бацькоўскім доме ў Дубічне і былая гараджанка Валянціна Мялешка. Раней жанчына працавала на механічным заводзе ў Брэсце. Фермерскай гаспадаркай, у якой амаль сем гектараў зямлі, займаўся муж Мікалай Іванавіч.  Пасля яго смерці Валянціна Мікалаеўна зарэгістравала фермерскую гаспадарку на сваё імя і з таго часу перабралася ў вёску зусім. Жанчына трымае кароўку, парасят і курэй, вырошчвае бульбу і іншую агародніну, ёсць у яе і некалькі радкоў ягад – буякі пры адпаведным доглядзе добра растуць на дубічанскіх землях. Дапамагаюць маці весці гаспадарку сын Іван і дочкі, якія хаця і жывуць у абласным цэнтры, часта наведваюцца ў вёску. Дарэчы, у Валянціны Мікалаеўны пяцёра дзяцей і дзевяць унукаў.  Гаспадарка, як гаворыць жанчына, дапамагае забяспечваць усю сям’ю натуральнымі і карыснымі прадуктамі харчавання, а калі ёсць лішак, яго заўсёды можна прадаць. Да таго ж, дзеці з унукамі маюць магчымасць і папрацаваць, і адпачыць на свежым паветры. “А я і ўвогуле стала вясковай жыхаркай, – гаворыць Валянціна Мікалаеўна. – Калі паеду ў горад па нейкай патрэбе, дык адразу і сумую па вёсцы, цягне мяне сюды”.

Не перавяліся яшчэ гаспадары

Жыхары далёка не ўсіх вёсак у нашым раёне могуць пахваліцца тым, што па-ранейшаму трымаюць каровак-карміцелек, а ў Дубічне такія гаспадары яшчэ ёсць, ды і трымаюць яны, як нам паведамілі ў сельсавеце, не адну жывёліну на падворку, а па некалькі галоў. З адной такой дубічанскай сям’ёй мы мелі магчымасць пазнаёміцца. Гэта Іван і Аляксандра Чырукі. На іх падворку зараз пяць кароў, а шостая – рахманая цялушка Рамашка, якая і трапіла ў аб’ектыў рэдакцыйнай фотакамеры. Трымаюць гаспадары і шматлікую чараду курэй, а вось ягадамі – буякамі ды клубніцамі – займаецца ў асноўным сын Андрэй. Прыкладна год таму Чырукі падключылі да электраацяплення ўласны дом і вельмі задаволены гэтым.

Іван Андрэевіч у мінулым сельскі бібліятэкар. Паколькі чытачоў у бібліятэцы з кожным годам станавілася ўсё меней, бібліятэку ў Дубічне закрылі. Аляксандра Аляксандраўна, якая раней працавала акушэркай у Велікарыцкай амбулаторыі, па стану здароўя вымушана была стаць хатняй гаспадыняй. “Трэба было неяк жыць, дзяцей вучыць”, – расказваў Іван Андрэевіч. І Чырукі вырашылі ўзяць у арэнду зямлю ды прысвяціць сябе вясковай працы, да якой з маленства прывыклі, бо абое з вёскі родам: Іван Андрэевіч мясцовы, а жонка – з Ляхаўцаў. “Ды мы ніколі і не цураліся гэтай працы, – гаворыць Аляксандра Аляксандраўна, – а гаспадарка наша пачалася з пары парсючкоў ды цялушачкі, якіх падарылі нам на вяселле бацькі”.

Паступова дабавілі яшчэ адну кароўку, потым яшчэ адну… На маё пытанне, куды рэалізоўваюць малочную прадукцыю, гаспадыня адказала: “Дык на рынак у Брэст возім і тварог, і масла, і малако. І дома, бывае, купляюць у нас малако, але больш – летам.  Хапае карысных дамашніх прадуктаў і нам, і дзецям, і траім унукам”. Дарэчы, доіць кароў гаспадыня турэцкім апаратам. Ён, па яе словах, надзейны, дазваляе працаваць пры мінус 10 оС.

Вядома ж, праца па догляду за жывёлай не мае выхадных: трэба і сена нарыхтаваць, і мукі намалоць, і сакавітых кармоў назапасіць (гаспадары садзяць гарбузы, бульбу). Акрамя гэтага, Чырукі маюць невялікую цяплічку, у якой вырошчваюць гародніну, ёсць і свой трактар МТЗ-80. Можа, і не надта вялікі прыбытак ад уласнай гаспадаркі, але пастаянны. Ён дапамог бацькам падняць на ногі сына і дачку, даць ім адукацыю. А шчыруючы побач з бацькам і маці на полі і на сенажаці, дзеці навучыліся працаваць і за навуку гэтую, я думаю, будуць ім заўсёды ўдзячныя. Бо той, хто ўмее старанна працаваць, у жыцці, як кажуць, не прападзе.

Галіна Пракапук.

Фота Алега Крэмянеўскага.           

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий