Дом у падарунак

І хоць у СВК “Дарапеевічы” чаргі на атрыманне жылля, як такой, няма, тут выкарыстоўваюць любыя магчымасці, каб папоўніць і без таго немалы жыллёвы фонд гаспадаркі.

Яно і зразумела. Сельгаскааператыў сёння на слыху, пра яго вытворчыя поспехі ведаюць далёка за межамі вобласці, у рэспубліцы. Таму сюды пастаянна прыязджаюць з мэтай працаўладкавання многія. Ды і маладых спецыялістаў нямала. І першае, чым яны цікавяцца, вядома ж, жыллё. Зрэшты, ніхто з такіх прыватныя кватэры не здымае. У гаспадарцы стараліся і стараюцца нешта прапанаваць, калі не новае, дык нейкае іншае жыллё, але абавязкова сваё.
Цяпер новага ў фондзе сельгаскааператыву будзе яшчэ больш, бо рэканструкцыя і другога дома, 4-кватэрнага, што быў пабудаваны ў 1979 годзе, можна сказаць, ужо завершана (замест 4 будзе 8 аднапакаёвых кватэр).
У той дзень, калі мы былі ў Дарапеевічах, падрадчыкі з ПМК-20 ужо заканчвалі свае работы на гэтым аб’екце. Успамінаючы, якім дом быў, і калі ўбачылі, якім ён стаў, прыходзілі ў захапленне. І знешні выгляд яго, і тэрыторыя вакол, і пад’езд да дома змяніліся да непазнавальнасці. Не гаворачы ўжо пра самі кватэры. Тут ёсць усё для камфортнага пражывання: прыродны газ, санвузел, немалая кухня, калідор і вялікі пакой. Абсталяванне – новае, дыхтоўнае.
Больш чым 4 мільярды грошай пайшло на рэканструкцыю дома. І хоць яны крэдытныя, аддаваць пазычаныя сродкі давядзецца гаспадарцы, а не самім грамадзянам. Ад тых, каму гэтае новае добраўпарадкаванае жыллё будзе выдзелена, патрабуецца толькі адно: берагчы яго, як сваё ўласнае. І не забываць, як дорага абыходзяцца іншым выгоды, якія кожнаму з нас хочацца мець.
Стараліся добрасумленна працаваць, каб своечасова здаць рэканструяваны дом, усе будаўнікі брыгады, дзе прарабам Віктар Кузьмін. І вось такі цудоўны падарунак атрымаўся (на здымку).
Ірына КАСЦЕВІЧ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 10.10.2015 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!