Хаціслаўскі здабытак

“Рагнеда”, “Здабытак”, “Дэльфін”, “Атлант”, “Дзіна”, “Скарб”, “Крыніца”, “Адысей” – больш за 10 гатункаў бульбы, дзякуючы таму, што пастаянна забяспечвае гаспадарку новымі гатункамі  мясцовая мерыстэмная лабараторыя, было пасаджана сёлета ў СВК “Хаціслаўскі” на 108 гектарах зямлі. Першы тыдзень уборкі, за які было ўбрана ў сельгаспрадпрыемстве больш за 15 гектараў “другога” хлеба, паказаў, што год сёлетні выдаўся бульбяны. У сярэднім “другі хлеб” дае ўраджайнасць 200 цэнтнераў з гектара.
Ва ўрочышчы “Осына” ля вёскі Мельнікі на мінулым тыдні пачалася ўборка бульбы элітных гатункаў. Пасаджаны тут яны на 49 гектарах.
– Суперэліта  “Адысей” дала нядрэнны ўраджай, яе накіроўваем мы адразу ў сховішча, каб забяспечыць гаспадарку насеннем гэтага гатунку на наступны год,  – тлумачыў брыгадзір паляводчай брыгады Рыгор Ківачук, якога сустрэлі на полі. – Тут жа ў нас участкі з “Дзінай”, “Скарбам”, “Крыніцай”   – гатункамі, якія таксама высокаўра­джайныя.
Да двух гектараў бульбяных палёў праходзіць за дзень на новым камбайне “Палессе” механізатар Іван Фёдаравіч  Бошаль. Вопыту работы яму не пазычаць. 36 гадоў працуе механізатар у гаспадарцы, добра ведае ўсе палі і сакрэты іх апрацоўкі, а таму і тэхніку новую даверылі менавіта яму.
Пакуль на полі гектар за гектарам ідзе ўборка бульбы,  на сартавальным участку шчыруюць паляводы. Ад іх таксама залежыць многае, у першую чаргу тое, як захаваецца ўраджай.
Сёлета, як і ў папярэднія гады, СВК “Хаціслаўскі”  будзе рэалізоўваць  бульбу насельніцтву.  Кожны, каго ўраджай на асабістым участку не парадаваў, зможа набыць тут бульбачку і на насенне, і на традыцыйныя дранічкі.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: механізатар СВК “Хаціслаўскі” Іван Бошаль.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий