Што абмяркоўвалі студэнты атрада “Зімовага маршруту” са старшынёй Маларыцкага райвыканкама?
Новы сезон рэспубліканскага патрыятычнага праекта “Зімовы маршрут-2026” стартаваў 26 студзеня. Ён працягнецца да 9 лютага. Арганізатарам праекта выступае рэспубліканскі штаб студэнцкіх атрадаў БРСМ пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і органаў выканаўчай улады.
Другога і трэцяга лютага на Маларытчыне пабываў студэнцкі атрад зімовага маршруту “Шлях адзінства” імя героя Савецкага Саюза Марыны Расковай, які складаецца з 20 байцоў. Ён быў сфарміраваны на базе дзевяці ўстаноў адукацыі Мінска, Брэста, Віцебска, Магілёва, Полацка, Баранавіч і Гродна. У праграме наведвання нашага рэгіёна было запланавана шмат мерапрыемстваў рознай тэматыкі. Маладыя людзі праводзілі з вучнямі ўстаноў адукацыі раёна сустрэчы, экскурсіі, майстар-класы, лекцыі, канцэрты, флэшмобы, працоўныя акцыі. Неад’емная частка праграмы “Зімовага маршруту” – правядзенне заняткаў грамадзянска-патрыятычнай тэматыкі, па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама прэзентацыя дзейнасці БРСМ і студэнцкіх атрадаў, прафарыентацыйныя мерапрыемствы.
Адным з самых яркіх і незабыўных момантаў стала сустрэча членаў студэнцкага атрада зімовага маршруту “Шлях адзінства” са старшынёй Маларыцкага райвыканкама Аляксандрам Каржом.
Пачалася яна з уступнага слова начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Маларыцкага райвыканкама Алены Серады і камандзіра атрада “Шлях адзінства” Арцёма Чырко. Яны адзначылі, што патрыятычны працоўны праект “Зімовы маршрут” – гэта комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на станаўленне грамадзянскай пазіцыі моладзі, рэалізацыю іх працоўнага, камунікатыўнага і творчага патэнцыялу. Затым члены студэнцкага атрада падзяліліся сваімі ўражаннямі ад убачанага на Маларытчыне.
Аляксандр Корж расказаў пра горад і раён, вытворчыя дасягненні, перспектывы развіцця рэгіёна, акцэнтаваў увагу прысутных на тым, што Маларыцкі раён – край з багатай гісторыяй, які мае адметную матэрыяльную і духоўную спадчыну. Падчас адкрытага і нязмушанага дыялогу са старшынёй райвыканкама былі закрануты актуальныя і надзённыя пытанні: забяспечанасць кадрамі прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый рэгіёна, прадастаўленне маладым спецыялістам жылля, перспектывы іх кар’ернага росту, рэалізацыя маладзёжных ініцыятыў.
Аляксандр Корж падчас дыялогу акцэнтаваў увагу на неабходнасці патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення, бо гэта стратэгічны рэсурс развіцця грамадства. Увага павінна быць скіравана на мэтанакіраванае і актыўнае садзейнічанне асабістаму станаўленню прафесіянала-працаўніка, адказнага сем’яніна, грамадзяніна і патрыёта сваёй краіны, які памятае мінулае, шануе сваю спадчыну. Патрыятычнае выхаванне яшчэ абумоўлена і неабходнасцю ўмацавання дзяржаўнага суверэнітэту і нацыянальнай бяспекі праз кансалідацыю грамадства і народнае адзінства. Старшыня райвыканкама перакананы, што генетычная памяць беларусаў стала сапраўдным нацыянальным імунітэтам. Яна глыбока на падсвядомасці ўтрымлівае тыя маральна-этычныя і духоўныя асновы, на якіх грунтуюцца жыццёвыя каштоўнасці, якімі кіруецца сумленне.
У знак удзячнасці за гасціннасць і ў памяць пра візіт на Маларытчыну камісар Карына Іванюк і камандзір Арцём Чыркоў студэнцкага атрада зімовага маршруту “Шлях адзінства” ўручылі старшыні райвыканкама асаблівыя сімвалы праекта: падрабязную карту маршруту атрада і памятную статуэтку. У сваю чаргу Аляксандр Корж таксама ўручыў кіраўнікам студэнцкага атрада памятныя падарункі. Затым адбыўся прагляд відэафільма пра Маларыцкі раён.
Далей Аляксандр Корж для членаў студэнцкага атрада правёў невялікую экскурсію па будынку райвыканкама, запрасіў у свой кабінет. У ім была прадоўжана зацікаўленая і шчырая размова. Дыялог з моладдзю працягнуўся і ў вялікай зале райвыканкама.
Закончылася мерапрыемства агульным фатаграфаваннем на памяць.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.







