У Маларыцкім раёне прайшло адкрытае першынство па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі

У ціры раённай гімназіі прайшло адкрытае першынство Кобрынска-Маларыцкай міжраённай арганізацыйнай структуры рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту Рэспублікі Беларусь” па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі.

За права называцца самым трапным стралком змагалася 11 каманд устаноў адукацыі Маларытчыны ва ўзроставай групе 14-17 гадоў. Яны вызначаліся ў камандным, а таксама  ў індывідуальным  заліках сярод дзяўчат і юнакоў у выкананні  практыкавання ВП-2 (стральба стоячы). Згодна з умовамі спаборніцтва,  яго ўдзельнікі рабілі 20 заліковых выстралаў 4,5 мм свінцовай куляй  тыпу ДЦ па мішэні №8.

У выніковай турнірнай табліцы сярод юнакоў самымі лепшымі стралкамі сталі: Максім Лаўранюк (Ляхавецкая СШ, І месца, 91 ачко), Міхаіл  Максімук (Олтушская СШ, ІІ месца, 69 ачкоў) і Сяргей Ківачук (Хаціслаўская СШ, ІІІ месца, 65 ачкоў), сярод дзяўчат – Марына Асіпук (Ляхавецкая СШ, І месца, 100 ачкоў), Анастасія Бубенчык (Олтушская СШ, ІІ месца, 78 ачкоў) і Ганна Шляшко (раённая гімназія, ІІІ месца, 72 ачкі).

 У агульнакамандным заліку лідарам стала каманда Ляхавецкай СШ (трэнер Сяргей Карабчук). На другім месцы апынулася каманда Олтушскай СШ (трэнер Вячаслаў Зезюкоў), на трэцім – Мельніцкай БШ (трэнер Віталій Пішчык).

Пераможцы і прызёры  адкрытага першынства адзначаны заслужанымі ўзнагародамі. Іх уручалі намеснік старшыні  Кобрынска-Маларыцкай міжраённай арганізацыйнай структуры ДАСААФ Валерый Кірысюк і  спецыяліст па сувязях ТАА “Капікон” Вольга Краско.  Дарэчы, ТАА “Капікон” стала  спонсарам адкрытага спаборніцтва па кулявой стральбе.

 Мікалай  НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий