Светлы чалавек

Менавіта так захацелася назваць гэтую жанчыну ў першы момант знаёмства

І, як высветлілася пазней, нездарма. Бо яна і сапраўды светлы чалавек. Светлы думкамі і ўчынкамі, светлы сэрцам і душой. Гэта я пра Заслужаную настаўніцу Рэспублікі Беларусь Яніну Станіславаўну Крываблоцкую з вёскі Новае Раматова. Упэўнена, што яе вучні, якім яна, па сутнасці, давала пуцёўку ў жыццё, дапоўняць яе вобраз яшчэ шматлікімі і толькі прыгожымі і добрымі эпітэтамі.
Пра яе педагагічны талент, які, здаецца, у яе ад нараджэння, гавораць высокае званне і добрая школа выпускнікоў, сярод якіх ёсць ваенныя, урачы, як і яна, педагогі, механізатары, жывёлаводы, вадзіцелі, рабочыя. А пра чалавечнасць гэтай дзіўнай жанчыны, пра яе дабрыню і неабыякавасць да дзіцячых душ і да жыцця ўвогуле, пра ветлівасць і гасціннасць расказваюць учынкі. У іх, нібыта ў люстэрку, адбіваецца ўся душэўная прыгажосць Яніны Станіславаўны.
Размаўляла з ёй па тэлефоне, калі яна пазваніла ў рэдакцыю, каб паведаміць мне, што ў адным з маіх матэрыялаў пад рубрыкай “Землякі” яна пазнала сябе. Магчыма, бо лёсы зусім розных людзей, якія часам знаходзяцца адзін ад аднаго на адлегласці ў тысячы кіламетраў, бываюць нібыта клоны. Я пісала зусім пра іншага чалавека, а Яніну Станіславаўну на той час нават у вочы не бачыла. Ды толькі голас яе па тэлефоне падаўся мне блізкім.
А сама жанчына пры першай сустрэчы, якая адбылася ў жніўні, нагадала нябожчыцу-матулю: ахайная, невысокая, у квяцістым паркалёвым халаціку блакітна-сіняга колеру, з акуратна закручанымі ў пучок на галаве валасамі. Менавіта так выглядала і апраналася ў спякотнае надвор’е пры жыцці мама.
Гэтакі ж чысты і дагледжаны, як і сама гаспадыня, дом Яніны Станіславаўны. У гарачае надвор’е ён прыемна ахалоджвае, а халоднай зімой – сагравае. Прычым не толькі цеплынёй напаленай печы, але і душэўнай, якой Яніна Станіславаўна амаль пяць дзесяцігоддзяў шчодра адорвала не толькі вучняў пачатковай школы вёскі Новае Раматова, але і працягвае адорваць зараз усіх яе жыхароў.
У кнізе “Памяць” гісторыка-дакументальных хронік гарадоў і раёнаў Беларусі ў раздзеле “Вызначыліся ў працы” сярод фотаздымкаў іншых заслужаных работнікаў Маларыцкага раёна ёсць і яе. На ім Яніна Станіславаўна яшчэ зусім маладая, ды, нягледзячы на вялікую розніцу ў гадах, пазнаць яе можна. Прыгожая, з акуратна прыбранымі валасамі і адкрытым поглядам. І ўсяго некалькі радкоў пра яе: “Крываблоцкая Яніна Станіславаўна (н. у 1935г. у Камянецкім р.) амаль пяць дзесяцігоддзяў аддала пачатковай школе ў Новым Раматове”.
Усяго некалькі радкоў. Але якіх ёмістых. І галоўнае слова сярод іх – аддала. Так, жанчына не проста працавала ў школе. Яна была тут сапраўднай гаспадыняй. Як гаспадыня, стварала камфорт і ўтульнасць для дзяцей, якія прыходзілі сюды штодзень за ведамі. І давала ім гэтыя веды. На працягу амаль пяці дзесяцігоддзяў вучыла не толькі чытаць, пісаць і лічыць. А ў прамым сэнсе слова сеяла ў душах сваіх вучняў вечнае, добрае, светлае. Вучыла быць справядлівымі, умець радавацца шчасцю іншых і спачуваць чужой бядзе, ніколі не крывіць душой, не быць абыякавым да навакольнага. І, вядома ж, любіць блізкіх, сваю Айчыну і маленькую радзіму. Так, як гэта робіць яна сама.
А яшчэ за такімі радкамі – яе асабістае жыццё. У якім, грэх скардзіцца, усё склалася. Усё ў яе было, як і ў людзей. І муж добры, і дом – поўная чаша. Ды толькі ў душу чалавека не заглянеш. А вось погляд Яніны Станіславаўны ў нейкія моманты нашай гутаркі выдаваў яе боль аб нязбытным. І хоць смутак у вачах жанчыны быў светлы, але ўсё ж кранаў за душу: так, яна ўсё сваё жыццё аддала дзецям, была для іх, можна сказаць, другой мамай, а вось адчуць самой шчасце мацярынства, на жаль, не атрымалася. Такі ж боль добра вядомы і мне. Таму мы зразумелі адна адну і закрылі гэтую тэму на замок. Як ужо шмат гадоў зачынена на замок школа, у якой Яніна Станіславаўна так доўга настаўнічала. То быў светлы, поўны надзей і дзіцячага смеху ў вёсцы час. Менавіта ён пакінуў у жыцці Заслужанай настаўніцы Рэспублікі Беларусь незабыўны след. Успаміны пра яго саграваюць душу жанчыны, напаўняюць сэрца цеплынёй і дабрынёй, якімі яна ахвотна працягвае дзяліцца з аднавяскоўцамі.
Надзея ЯЦУРА.
На здымку: Заслужаная настаўніца Рэспублікі Беларусь Яніна Станіславаўна Крываблоцкая заўжды сустракае гасцей ля веснічак свайго дома.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в “ГЧ” 21.10.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий