Прыцягваюць зручнасць і камфорт

7 кастрычніка, у заснаваны Міжнароднай канфедэрацыяй прафсаюзаў Сусветны дзень дзеянняў за дастойную працу, па ініцыятыве прафсаюзаў праводзілася акцыя. Мэта яе – звярнуць увагу на тое, як абуладкаваны на розных прадпрыемствах і ў арганізацыях рабочыя месцы, ці створаны для работнікаў належныя ўмовы для працы і адпачынку. У гэты дзень карэспандэнты райгазеты вырашылі таксама далучыцца да акцыі і разам са старшынёй прафсаюзнай арганізацыі райспажыўтаварыства Алай Грышчук пабывалі ў самым буйным у нашым горадзе ўніверсаме “Родны кут”.

Пакупнік з работай прадаўцоў сутыкаецца ў гандлёвай зале. Гэта, можна сказаць, сцэна, на якой адбываюцца свае дзействы — выкладка тавару, абслугоўванне пакупнікоў, разлік іх на касе. Але ёсць яшчэ і “закулісны” бок – падсобныя памяшканні. Каб пазнаёміцца з умовамі працы калектыву, які складаецца з 32 чалавек, зазірнулі спачатку ў падсобкі.
З 1 тысячы квадратных метраў, а менавіта такая плошча “Роднага кута”, 200 квадратаў застаюцца нябачнымі для пакупніка. Гэтая плошча па­дзелена на асобныя пакоі. Большая частка з іх – герметычна зачыненыя халадзільнікі. Прызначаны яны для захоўвання тавараў – марожанай птушкі, рыбы, малочных прадуктаў, паўфабрыкатаў, рыбных прэсерваў і многага іншага. Наяўнасць асобных халадзільных камер, у кожнай з якіх выстаўляецца свая тэмпература, дае магчымасць забяспечыць на доўгі час якасць прадуктаў і, разам з тым, вытрымліваць таварнае суседства. Здавалася б, што тут асаблівага для арганізацыі працы прадаўцоў? Але той, хто сутыкаўся з прафесіяй прадаўца, адразу скажа: плюсаў у такіх умовах работы шмат. І самы галоўны ў тым, што за кожным халадзільнікам, як і за кожным аддзелам у гандлёвай зале, замацаваны асобны прадавец. Ён добра ведае, які тавар ёсць у наяўнасці. Але самае галоўнае, што патрэбны тавар не даводзіцца шукаць сярод мноства іншых, што непазбежна, калі плошчы не дазваляюць устанавіць дастатковую колькасць халадзільнага абсталявання.
Значна аблягчае работу і камп’ю­тарная сістэма ўліку тавару. Менавіта аператарская, дзе з дапамогай праграмы “Супермаг” ствараецца ўся інфармацыйная база, з’яўляецца сэрцам універсама. Інфармацыя аб кожным з тавараў, што паступае ў магазін, заносіцца ў камп’ютар. А затым апаратура на касе лёгка счытвае гэтую інфармацыю са штрыхкода тавару. Новыя тэхналогіі даюць новыя магчымасці. У першую чаргу ў тым, як адзначае загадчыца магазіна Вера Паўлаўна Мельнікава, што можна прасачыць, які тавар раскупляецца хутчэй, заказаць менавіта тое, што больш запатрабавана. Валодаць інфармацыяй без камп’ютара, калі ў магазіне налічваецца больш за 12 тысяч найменняў тавараў, было б нерэальна.
Пазнаёміўшыся з тым, як аргані­заваны працэс работы калектыву, пераходзім да тэмы адпачынку. І гаспадары магазіна запрашаюць нас наведаць бытавыя памяшканні. Спачатку адпраўляемся ў пакоі (яны асобныя для жанчын і мужчын), дзе можна ў час перапынку згатаваць сабе чай, разагрэць абед, а ў канцы рабочай змены прыняць душ. Тут ёсць усё неабходнае – электрачайнікі, мікрахвалёвыя печы, халадзільнікі, душавыя кабіны. А ў суседнім пакоі — створаны добрыя ўмовы, каб у час абедзеннага перапынку, калі няма магчымасці пайсці дамоў, адпачыць на мяккай канапе, пагутарыць з калегамі, пачытаць газеты.
Вяртаемся ў гандлёвую залу. У маленькім магазіне яе можна адразу акінуць вокам. Тут жа ў кожным аддзеле патрэбны сваё пільнае вока і ўмелыя рукі. Для таго, каб для ўсіх прадаўцоў стварыць аднолькавыя ўмовы працы, яны замацоўваюцца за кожным з аддзелаў часова. Той, хто працаваў у прамысловым аддзеле, праз пэўны час пераходзіць у малочны, кандытарскі ці на касу. Ствараецца своеасаблівы ланцужок.
Самае аўтаматызаванае месца ў гандлёвай зале – каса. Тавар хутка перамяшчаецца па стужцы да касіра. Цану тавару не трэба выбіваць уручную, падлікі праводзіць сам касавы апарат. Ад прадаўца, які працуе на касе, патрэбна толькі пільнасць, каб не дапусціць памылкі, і ветлівасць да пакупніка.
Лепшае сведчанне таго, што ў той ці іншай арганізацыі створаны дастойныя ўмовы працы, — адсутнасць вакансій. Ва ўніверсаме “Родны кут” штат работнікаў цалкам укамплектаваны. Жаданне прыйсці сюды працаваць выказваюць многія. Бо зручнасць і камфорт заўсёды прыцягваюць.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: добрыя ўмовы для абслугоўвання пакупнікоў і адпачынку работнікаў ва ўніверсаме «Родны кут».
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 24.10.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!