“Найлепшы доктар у нас, у Хаціславе»

З самага маленства наведванне стаматала­гічнага кабінета амаль у кожнага выклікае страх. Каб прывесці дзіця да стаматолага, бацькам даводзіцца ісці на розную хітрасць. Але ж з часам разумееш, як добра мець здаровыя зубы. І гэта не толькі для таго, каб здзіўляць беласнежнай усмешкай, але і каб быць здаровым. Таму зубнога доктара рэкамендуецца наведваць два разы ў год,  а можа і часцей. У хуткім рытме жыцця мы забываем пра гэтую неабходнасць, ды і не заўжды ёсць магчымасць наведаць урача. Возьмем, да прыкладу, сельскую мясцовасць. Далёка не ў кожнай вёсцы ёсць урач-стаматолаг,  а значыць  трэба ехаць у райцэнтр, там узяць талон ці чакаць у “жывой” чарзе, на што патраціш увесь дзень. Згадзіцеся,  гэта не вельмі зручна для  вяскоўцаў. А вось жыхарам Хаціслава і суседніх вёсак пашанцавала. Малады ўмелы стаматолаг-пратэзіст прыйшоў у мясцовую амбулаторыю 6 гадоў назад і па сённяшні дзень працуе ў стаматалагічным кабінеце амбулаторыі. Сяргей Іванавіч Буян закончыў Гомельскі дзяржаўны медыцынскі каледж, дзе вучыўся на зубалячэбным ад­дзяленні. Хоць сам родам са Століншчыны, па размеркаванні трапіў у наш раён. І гэта, напэўна, лёс. Бо ў Хаціславе ён сустрэў дзяўчыну, з якой ажаніўся.
Кожны дзень на прыём да Сяргея Іванавіча прыходзіць 10-15 вяс­коўцаў. Каму пломбу трэба паставіць, каму выдаліць зуб, хто на прымерку пратэза, а хто проста праверыць, ці ўсё добра. У цэлым за месяц прымае доктар каля 390 пацыентаў. Таму, ці патрэбен у вёсцы стаматолаг,  пытаць не даводзіцца. Да таго ж, Сяргей Іванавіч яшчэ на паўстаўкі ў Олтушы працуе, дзе зараз няма спецыяліста.  Вельмі задаволены маладым доктарам пацыенты. Размаўляючы з адной жыхаркай Хаціслава,  пачула:
— Я не хачу ехаць ні ў Брэст, ні ў Маларыту. Найлепшы доктар у нас, у Хаціславе. Ён і дапаможа, і супакоіць, і так шчыра ўсміхнецца, што аж на душы цёпла становіцца.
Год назад у сям’і Сяргея Іванавіча з’явілася маленькая кветачка жыцця — дачушка. Усё, здаецца, добра – і работа падабаецца, і вёска, толькі вось жыць сям’і даводзіцца ў інтэрнаце, дзе і столь працякае, ды і іншых праблем нямала. Бытавая неўладкаванасць, як расказваў Сяргей Іванавіч,  наводзіць часам на думку знайсці работу ў іншым месцы, тым больш, што прафесія ў яго запатрабаваная.  Праўда, надзея на тое, што пры чарговым размеркаванні жылля, пабудаванага мясцовай гаспадаркай, будзе ўлічана, што ён таксама даўно стаіць на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, пакуль у маладога доктара ёсць. Тым больш, што добры медыцынскі работнік у вёсцы, і гэта, напэўна, ніхто не будзе аспрэчваць, патрэбны не менш, чым добры механізатар ці жывёлавод.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: стаматолаг Хаціслаўскай амбулаторыі Сяргей БУЯН.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!