З Масквы – на Маларытчыну: для Ігара Міхалеўскага Олтуш стаў другой малой радзімай
Са сваіх 68 гадоў Ігар Міхалеўскі дзесяць пражыў у аграгарадку Олтуш, таму лічыць сябе ўжо карэнным жыхаром гэтага населенага пункта.
– Маю на гэта поўнае маральнае права, – гаворыць мужчына. – Справа не толькі ў тым, колькі пражыў і дзе. Важна, як пражыў. За дзесяцігоддзе так звыкся з людзьмі, з тым, што акружае навокал, што склалася ўражанне: у Олтушы пражыў усё сваё жыццё. Аграгарадок, здаецца, адразу прыняў мяне як свайго даўняга знаёмага. Недзе праз месяц на душы стала зусім спакойна. Я стаў жыць амаль што ранейшым жыццём, толькі з маларыцкай спецыфікай. Гасцінныя і шчырыя людзі, выдатныя суседзі. У Олтушы ўсё ўжо даўно стала родным, блізкім сэрцу. Тут хочацца жыць, займацца любімымі справамі, творчасцю, марыць, планаваць. Тут камфортна, утульна, усё ў крокавай даступнасці. У магазінах можна купіць усё, што неабходна. Умовы жыцця не горшыя, чым у Маскве. Адаптавацца да іх пасля мегаполіса было няцяжка.
Ігар Міхалеўскі расказвае, што ён інвалід першай групы. Дзякуючы клапатлівым сельскім медыкам і сацыяльнай сістэме абслугоўвання ў Олтушы адразу атрымаў усю неабходную падтрымку. Асабліва важна гэта было для мужчыны пасля пятай артапедычнай аперацыі. Ды і клімат на Маларытчыне больш мяккі, чым у Маскве.
Ігар Уладзіміравіч – гасцінны гаспадар. За кубачкам кавы ён падрабязна ўспамінае гісторыю свайго жыцця. Сябе лічыць грамадзянінам СССР. Нарадзіўся і вырас у сям’і кадравага ваеннага. Яго бацьку, Уладзіміра Сцяпанавіча, часта пераводзілі з аднаго месца службы на другое. Сям’і давялося пабываць у многіх месцах Савецкага Саюза.
Ігар Міхалеўскі ў маладосці захапляўся спартыўнай гімнастыкай, па прыкладу бацькі хацеў паступіць вучыцца ў ваеннае вучылішча. Аднак хвароба ўнесла свае карэктывы ў яго планы. З дзіцячай марай і спортам давялося “завязаць” назаўсёды, а пасля года пасцельнага рэжыму прыйшлося вучыцца хадзіць наноў. І гэта – у 17 гадоў! Не ўсё, але вельмі многае залежыць ад самога чалавека. Ігар прысвяціў вольны час вывучэнню нямецкай мовы і электратэхнікі. Шмат чаго даў бацька, які пасля звальнення з войска спецыялізаваўся ў галіне мікраэлектронікі.
Пасля заканчэння адной са школ г. Мыцішчы Ігар Міхалеўскі вучыўся ў Маскоўскім лесатэхнічным інстытуце, дзе на вячэрнім аддзяленні праз шэсць гадоў набыў спецыяльнасць інжынера-механіка. Працаваў загадчыкам аддзела ў Мыцішчынскім гаркаме камсамола, інструктарам у Маскоўскім абкаме камсамола, Маскоўскай гандлёва-прамысловай палаце, Маскоўскім лінгвістычным інстытуце, асацыяцыі дзелавога супрацоўніцтва з замежнымі краінамі, старшым трэнерам службы тэхнічнай падтрымкі вучэбнага цэнтра ААТ “Роберт Бош”… На працягу некалькіх гадоў Ігар Уладзіміравіч рэгулярна працаваў за мяжой: у Швейцарыі, ФРГ, Аўстрыі, перыядычна наведваў Галандыю, Люксембург, Францыю. А праз 4 гады ў Германіі яму прапанавалі працаваць па кантракце з рэгіянальным выставачным камітэтам у якасці менеджара-арганізатара. Пазней працэс вучобы і павышэння сваёй кваліфікацыі для Ігара Міхалеўскага стаў рэгулярным.
Высокая зарплата, самазабяспечаная старасць, кватэра ў Маскве, дачка, унукі… Здавалася б, толькі жыві і радуйся жыццю ў сталіцы. Аднак Ігару Міхалеўскаму захацелася цішыні, спакою, размеранага ўкладу жыцця, спеву птушак за акном, маляўнічых краявідаў наваколля, свежага ранішняга паветра. Яго падтрымала жонка Марына Віктараўна. Так і выспела рашэнне пераехаць на Маларытчыну.
Спачатку Маларыту месцам жыхарства выбраў бацька Ігара Міхалеўскага – Уладзімір. Сам ён родам з г. Ратна. Там жыве амаль уся радня. Уладзімір Міхалеўскі, выйшаўшы на заслужаны адпачынак, разглядаў Украіну месцам магчымага далейшага свайго пражывання. Аднак, пабыўшы там некаторы час, зразумеў, што ў грамадстве і ў паўсядзённым жыцці адбываецца нешта незразумелае. Саслужыўцы былога афіцэра параілі яму абуладкавацца лепш у суседняй Беларусі. Заадно – бліжэй да сваіх родных. Уладзімір Міхалеўскі да іх думак прыслухаўся: прадаў кватэру ў Маскве і купіў у Маларыце.
У 2010 годзе стан здароўя і набліжэнне пенсіі вызначылі неабходнасць выбару пастаяннага месца жыхарства і для Ігара Міхалеўскага. Прыехаўшы ў госці ў аг. Олтуш, Ігар Уладзіміравіч адразу ўлюбіўся ў гэты населены пункт. З жонкай прынялі рашэнне: пераехаць жыць у аграгарадок. Неўзабаве набылі ўчастак са старэнькім домікам, які паступова пачалі рэканструяваць. Хутка быў пабудаваны і летні домік, хлеў, навес, цяпліца з басейнам, альтанка. Ігар Міхалеўскі да таго ж заядлы садоўнік. На прысядзібнай тэрыторыі пасадзіў шмат пладовых дрэў, нядаўна з’явіўся там яшчэ і вінаград. Радасці гарманічнага і суладнага жыцця дадае цётка Галіна Андрэеўна, якая таксама на пастаяннае месца жыхарства пераехала ў Олтуш.
Ігару Міхалеўскаму перыядычна даводзіцца гаспадарыць і рухацца на мыліцах па двары. Але суседзі і знаёмыя па Олтушы дапамагаюць мужчыну спраўляцца з цяжкасцямі. Ён чалавек творчы. Для перамяшчэння пераварыў і падоўжыў інвалідны трохколавы скутар, з памочнікамі зрабіў кузаў і дах. Атрымаўся маленькі электрамабіль.
Яшчэ Ігар Уладзіміравіч піша вершы. Частка з іх прысвечана славянскаму саюзу Беларусі і Расіі. Творы мужчыны можна знайсці і пачытаць на расійскім літаратурным партале “Стихи.ру”. Цяпер там размешчана 95 вершаў, вершаў у прозе рознай тэматычнай скіраванасці. Перавагу паэт аддае філасофскай і грамадзянскай лірыцы. Вершы, па яго перакананні, – гэта люстэрка душы чалавека, яго думак, пачуццяў, перажыванняў, светапогляду. А нядаўна мужчына ў сабе адкрыў яшчэ і талент кампазітара. У яго творчай скарбонцы ўжо 8 напісаных песень.
– Хацелася б падкрэсліць яшчэ такі важны для мяне факт, – гаворыць Ігар Уладзіміравіч. – Сябе нахлебнікам у Беларусі не адчуваю. Усе мы жылі і працавалі раней у адной вялікай краіне, думалі пра яе дабрабыт, росквіт. Я не раз бываў у Мінску, праводзіў майстар-клас, чытаў лекцыі ў вучэбным філіяле Мінскага прадстаўніцтва “Bosch” для беларускіх спецыялістаў па аўтамабільнай электроніцы, выдаў кнігу “Адкрытая кніга дыягноста” (г. Масква), якая дапамагае на першым этапе прафесійнага станаўлення. Уносіў сваю пасільную лепту ў дабрабыт Беларусі. Лёсу ўдзячны за тое, што апынуўся на гасціннай беларускай зямлі, на Маларытчыне. Цяпер і я – часцінка сінявокай. Жыву ў Беларусi i тым ганаруся!
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.
