Сям’я Нагорных з Данецкай вобласці пераехала ў Дарапеевічы
У жніўні 2025 года ў вёсцы Дарапеевічы стала больш адразу на пяць жыхароў. Сюды на пастаяннае месца жыхарства пераехала сям’я Ларысы і Дзмітрыя Нагорных разам з дзецьмі Юліяй, Дзянісам і Дзмітрыем. На Маларытчыну іх прывялі пошукі лепшай долі. Родныя мясціны Ларыса Аляксееўна і Дзмітрый Мікалаевіч пакінулі, каб знайсці рэгіён, дзе пануе мір і стабільнасць, дзе ёсць упэўненасць у заўтрашнім дні.
Яны родам з Данецкай вобласці. Жылі маладыя людзі за сем кіламетраў адзін ад аднаго ў суседніх вёсках. Лёсам было наканавана сустрэцца, пакахаць, стварыць сям’ю, нарадзіць траіх дзяцей. Быў і свой дом, любімая работа. Дарэчы, Ларыса і Дзмітрый Нагорныя – кандытары па адукацыі, аднак так склаліся абставіны, што ёй давялося працаваць тынкоўшчыкам на будоўлі, а яму – рабочым на пілараме.
– Жыццё ў нас было спакойным, – успамінае Ларыса Аляксееўна. – У сямейным ладзе і гармоніі радаваліся кожнаму пражытаму дню, марылі, планавалі. Аднак наступіў 2014 год. Пасля дзяржаўнага перавароту ва Украіне разумелі, што наваспечаныя палітыкі вядуць краіну не ў тым накірунку. Да апошняга цярпелі, верылі, спадзяваліся, што ўсё нармалізуецца, не адбудзецца антырасійскай эскалацыі.
Неўзабаве населены пункт, дзе жыла сям’я Нагорных, пачала абстрэльваць украінская армія. Спадзяваліся, што гэта часова. Ратуючыся ад абстрэлаў, паўгода хаваліся ў падвале. Спачатку некалькі снарадаў разарвалася на агародзе. Наступныя прылёты пашкодзілі дом. Праз некаторы час яшчэ адзін снарад трапіў у дом, разбурыўшы яго напалову. А яшчэ адзін знішчыў усё ўшчэнт. Амаль у гэты ж час не стала дамоў і ў бацькоў Ларысы Аляксееўны і Дзмітрыя Мікалаевіча. Налёты сталі частымі. Заставацца далей у вёсцы было вельмі небяспечна. Пасля яшчэ аднаго прылёту снарада ў агарод за лічаныя гадзіны сабралі самае неабходнае, селі ў аўтамабіль і накіраваліся ў бок Беларусі. Паехалі ў невядомасць. Тады іншых варыянтаў і выбару проста не было. Нельга сказаць, што падарожжа было бяспечным. Не раз за дарогу траплялі пад артылерыйскія абстрэлы, і толькі калі перасяклі дзяржаўную беларуска-ўкраінскую мяжу, супакоіліся.
Ларыса Нагорная гаворыць, што беларусы заўсёды славіліся сваёй гасціннасцю, мірным характарам, душэўнай шчодрасцю. Цёплая сустрэча на тэрыторыі Беларусі сям’і, якая вымушана была пакінуць абжытае месца ў суседняй краіне з-за баявых дзеянняў, – яшчэ адно таму пацвярджэнне.
– Пераехалі ў Беларусь найперш дзеля бяспекі сваіх дзяцей, іх будучыні, – кажа Дзмітрый. – Як і многія іншыя перасяленцы з Украіны, ратаваліся ад нестабільнасці і канфлікту, які пераўтварыўся ва ўзброенае супрацьстаянне. Спачатку часова аселі ў Пінскім раёне. Пасля заняліся пошукам пастаяннага месца жыхарства. Выпадкова ад знаёмых даведаліся пра вёску Дарапеевічы. Запэўнівалі, што там выдатныя людзі, прыгожыя мясціны, адно з лепшых у раёне сельгаспрадпрыемстваў, у якім добрыя ўмовы працы, годны заробак. Казалі, што туды дакладна патрэбны працавітыя людзі. Так апынуліся ў Дарапеевічах і ні ў чым не прагадалі!
Ларысу і Дзмітрыя Нагорных кіраўніцтва СВК “Дарапеевічы” адразу працаўладкавала, выдзеліла ім жыллё. Гэты факт вельмі здзівіў. Дзе яшчэ працаўнікам вёскі даюць такое камфартабельнае жыллё? Ларыса Аляксееўна пачала працаваць даяркай, а Дзмітрый Мікалаевіч – слесарам рамонтна-механічнай майстэрні. Дзеці сталі наведваць мясцовую школу. Яны туды ходзяць з задавальненнем і ахвотай. Цяпер Юлія – вучаніца 10 класа, Дзяніс вучыцца ў 8 класе, а Дзмітрый – у 5 класе. Аднакласнікі адразу іх прынялі ў свой калектыў. У дзяцей ужо ёсць сябры, з якімі часта праводзяць вольны час. Ды і вучоба наладжваецца. Юлія і Дзяніс добра чытаюць па-беларуску, ад іх імкнецца не адставаць і Дзмітрый. З’явіліся і любімыя пісьменнікі. Юліі, напрыклад, падабаюцца творы Кандрата Крапівы, Васіля Быкава, Дзяніс стаў захапляцца аповесцямі Уладзіміра Караткевіча, Дзмітрый аддае перавагу вершам Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча. Пакуль пэўныя цяжкасці ў дзяцей Ларысы і Дзмітрыя Нагорных узнікаюць з засваеннем беларускага правапісу, аднак ім дапамагаюць аднакласнікі, ды і настаўнікі не адмаўляюць у кансультацыі, калі ў гэтым ёсць патрэба.
Ларыса і Дзмітрый, калі ехалі ў Дарапеевічы, адчувалі сябе, як дрэва, якое вырвалі з зямлі з каранямі і перасадзілі ў іншае месца. Невядома ж было: прыжывуцца яны ці не. Такі стан працягваўся нядоўга. Хутка адаптаваліся, прывыклі, уліліся ў размераны вясковы рытм жыцця. Сёння, ужо больш чым праз сем месяцаў пасля вымушанага перасялення сям’і ў Дарапеевічы, з упэўненасцю можна сцвярджаць: усё яны зрабілі правільна, пераехаўшы на Маларытчыну. Наўрад ці ў іншым месцы сям’і Нагорных было б так камфортна.
Нагорныя асабіста пераканаліся: усё адмоўнае, што гаварылі і гавораць пра Беларусь за мяжой, зусім не адпавядае рэчаіснасці. Тут няма варожасці да прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей, жыхароў іншых дзяржаў, пануе згода і лад ва ўзаемаадносінах. У Беларусі кожны мае магчымасць працаўладкавацца і мець годны заробак.
Ларыса Аляксееўна прызнаецца, што нязвыкла спачатку было ў Дарапеевічах: нідзе побач не страляюць, не чуваць выбухаў снарадаў, не трэба бегчы хавацца ў падвал. Узнікалі сітуацыі, калі апаноўваў раптоўны страх. Такое было тады, калі загрыміць у небе гром. Праўда, усяго на імгненне, бо свядомасць падказвала: тут не страляюць! На новым месцы жыхарства ціха і спакойна. Радуюць не толькі добразычлівыя і шчырыя суседзі, але і ўсе вяскоўцы. Прыемна здзіўляе шчырасць, душэўная адкрытасць і гасціннасць мясцовых жыхароў. Ды і ў кіраўніцтва СВК добрае стаўленне да перасяленцаў.
Вёска Дарапеевічы для сям’і Ларысы і Дзмітрыя Нагорных – гэта пачатак новага жыцця для іх і дзяцей. Мірнае неба над галавой, стабільнасць і спакойнае размеранае жыццё – гэта тое, чаго так не хапала в Украіне і што змагла даць міралюбівая Беларусь. Ларыса Аляксееўна і Дзмітрый Мікалаевіч, прайшоўшы праз нялёгкія выпрабаванні лёсу, ведаюць цану шчасліваму і мірнаму жыццю, якое знайшлі на Маларытчыне. Цяпер яны спакойна глядзяць у будучыню, упэўненыя ў заўтрашнім дні, у тым, што заўсёды знаходзяцца пад абаронай дзяржавы.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.
