45-гадовы юбілей адзначыў народны аркестр народных інструментаў
Народны аркестр народных інструментаў Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў (дырыжоры Мадзіна і Мікалай Боцвіч) адзначыў 45-гадовы юбілей э дня прысваення яму звання “Народны”. З гэтай нагоды ў Маларыцкім раённым цэнтры культуры прайшло ўрачыстае мерапрыемства. У зале сабраліся духоўна багатыя і неабыякавыя да свету мастацтва людзі: удзельнікі калектыву розных гадоў, настаўнікі (цяперашнія і былыя), выпускнікі, бацькі вучняў і вялікая колькасць запрошаных гасцей.
Перад пачаткам мерапрыемства ў фае працавала фотазона “45”, а таксама фотавыстава “Праз гады, праз пакаленні: шлях народнага аркестра”, на якой былі прадстаўлены здымкі ўдзельнікаў творчага калектыву ў мінулыя гады.
Са словамі вітання да музыкантаў звярнуўся старшыня Маларыцкага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Корж. Ён адзначыў, што за 45 гадоў існавання калектыў стаў сэрцам культурнага жыцця раёна. Музыка ў выкананні аркестра гучыць асабліва душэўна і чароўна, кранае самыя патаемныя струны душы. Старшыня раённага выканаўчага камітэта падкрэсліў, што юбілей – гэта не толькі нагода для цёплых слоў і прыемных успамінаў. Гэта яшчэ погляд у будучыню. Ён перакананы, што калектыў будзе працягваць радаваць маларытчан сваёй творчасцю, адкрываючы новыя гарызонты, выхоўваючы таленавітых музыкантаў.
– Калі меркаваць па ўзросту, то ваш музычны калектыў знаходзіцца ў поўным росквіце творчых сіл і магчымасцей. Працуйце, стварайце, перамагайце! – пажадаў калектыву старшыня раённага выканаўчага камітэта.
Аляксандр Корж уручыў грамату Маларыцкага раённага выканаўчага камітэта Мадзіне Боцвіч, ганаровую грамату Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў – Уладзіміру Махначу, пісьмо падзякі Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў – Мікалаю Боцвічу.
Да віншаванняў далучыўся і дырэктар Брэсцкай абласной філармоніі Андрэй Гарбацэвіч. Ён зачытаў Прывітальны адрас упраўлення культуры Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта. У ім адзначана, што народны аркестр народных інструментаў Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў мае высокія дасягненні і за гады сваёй дзейнасці набыў традыцыі, даўно стаў школай высокага майстэрства, знаходзіцца на вяршыні музычнага алімпу, зхядноўвае людзей, выхоўвае музычны густ на лепшых традыцыях нацыянальнага і сусветнага мастацтва.
Загадчык сектара культуры Маларыцкага раённага выканаўчага камітэта Наталля Філіповіч уручыла ганаровыя граматы сектара культуры. Заслужаныя ўзнагароды за высокае выканальніцкае майстэрства, актыўную канцэртна-асветніцкую дзейнасць і ўклад у захаванне і папулярызацыю музычнай нацыянальнай спадчыны атрымалі дырыжоры аркестра Мадзіна і Мікалай Боцвіч, грамату сектара культуры – Марына Пракапеня, граматы Маларыцкай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму – Вікторыя Багданава і Анжэла Жукліна.
***
Народны аркестр народных інструментаў – візітная картка раёна. Гэта адзін са старэйшых творчых калектываў Маларытчыны. Вядучая мерапрыемства Марына Пракапеня падкрэсліла, што на працягу ўсяго часу існавання аркестр адданы сваёй галоўнай ідэі – натхняць музыкай, данесці высокае мастацтва. Калектыў сваю дзейнасць пачаў у 1975 годзе, у 1981 годзе атрымаў званне “Народны”. Заснавальнікам аркестра стаў Леанід Несцераў. На працягу 1986-1991 гадоў калектыў неаднаразова прызнаваўся лепшым на Брэстчыне. У ім назаўсёды застаўся пераходны Кубак абласнога ўпраўлення культуры. Ішоў час, змяняліся кіраўнікі аркестра, аднак нязменнымі засталіся прыгажосць, прафесіяналізм і яркі артыстызм калектыву.
Жывая музыка з першых акордаў захапіла і настроіла струны душы кожнага з прысутных на любоў і веру, радасць і надзею. Гэтыя пачуцці не пакідалі гледачоў на працягу ўсяго канцэрта, выліваючыся ў працяглыя апладысменты і дружныя воклічы “Брава!”
Падчас творчых выступленняў, якія падрыхтаваў народны аркестр народных інструментаў, прагучала шмат вядомых і любімых маларытчанамі мелодый. Разам з аркестрам таксама выступілі і выпускнікі Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў: Дзмітрый Лысенка, Дзмітрый Зайцаў, Аксана Стасюк.
Народны аркестр народных інструментаў Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў – гэта заўсёды лепшыя ўзорамі музычнага мастацтва, мост у вялікую музыку і культуру.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках:
Фота аўтара.












