У Маларыце прайшлі ваенна-патрыятычная гульня “Зарніца” і спартыўна-патрыятычная гульня “Зарнічка”

Маларыцкая раённая гімназія і гарадскі парк сталі месцам правядзення ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца” і спартыўна-патрыятычнай гульні “Зарнічка”. У спаборніцтвах прымала ўдзел па дзесяць каманд устаноў адукацыі Маларытчыны.

          “Зарніца” традыцыйна праводзіцца  для вучняў 12-14 гадоў, “Зарнічка”  – для 9-10 гадоў.  Іх мэта –  грамадзянска-патрыятычнае  выхаванне вучняў, іх фізічнае развіццё, павышэнне прэстыжу ваеннай службы, прапаганда здаровага ладу жыцця. Арганізатарамі гульняў выступаюць аддзел па адукацыі райвыканкама і Маларыцкі раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

          На ўрачыстым адкрыцці “Зарніцы” і “Зарнічкі” прысутнічалі начальнік аддзела па адукацыі Маларыцкага райвыканкама Іна Панасюк, начальнік групы тэрытарыяльнай абароны Маларыцкага раённага камісарыята Павел Гаршчарук, інспектар сектара нагляду і прафілактыкі Маларыцкага РАНС Уладзіслаў Сарока, інжынер пагранічнай камендатуры “Маларыта” Віталій Каратынскі, курсанты Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь  Ніна Жылінская і  Вячаслаў  Шарамет.

Іна Панасюк адзначыла, што “Зарніца” і “Зарнічка” закліканы абудзіць цікавасць не толькі да заняткаў фізічнай культурай, але і да ваеннай гісторыі краіны і абароны сваёй Радзімы. Яна  пажадала камандам поспеху,  удалых стартаў і пераможных фінішаў.

Каб стаць пераможцам “Зарніцы”, камандам неабходна было годна прайсці чатыры выпрабаванні: агляд строю і песні “Мы – праўнукі Перамогі”, спаборніцтва “Да абароны Айчыны гатовы!” (стральба з пнеўматычнай вінтоўкі па мішэні № 8 з адлегласці 10 метраў, праводзіцца сумесна з Кобрынска-Маларыцкай міжраённай арганізацыйнай структурай “Добраахвотнае таварыства садзейнічанню арміі авіацыі і флоту”), а таксама  паласу перашкод і інтэлектуальнае выпрабаванне для камандзіраў атрадаў –віктарыну “Зарніца вучыць” (уключае 15 пытанняў па ваеннай гісторыіі Беларусі, дзяржаўнай сімволіцы, аказанні першай медыцынскай дапамогі, гісторыі піянерскага руху…).

“Зарнічка” – гэта каманднае спаборніцтва па выкананні інтэлектуальных і абаронна-спартыўных заданняў. Яна ўключала тры выпрабаванні: агляд строю акцябрацкіх войск “Будзь гатовы!”, спаборніцтва “Маленькія грамадзяне вялікай краіны” (віктарына, якая складалася  з 15 тэматычных пытанняў), “Ваенізіраваную эстафету” (каманднае пераадольванне перашкод).  Каманды-ўдзельнікі гульняў “Зарніца” і “Зарнічка” выдатна справіліся з усімі выпрабаваннямі, паказалі сябе не толькі смелымі, але і спрытнымі, хуткімі, дружнымі, сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны.

Пераможцам у “Зарніцы”  стаў атрад “Іскра” Ланской СШ (кіраўнікі Юлія Крэнь і Юрый Краско). Нязначна ад лідара адстала каманда “Авангард”  СШ №2 (кіраўнікі Вольга Махнавец і Валерый Давыдоўскі). Трэцяе месца ва ўпартай барацьбе дасталося атраду “Полымя” Ляхавецкай СШ (кіраўнікі Алена Бурштын і Сяргей Карабчук).

Старанна  і з задавальненнем   змагаліся за перамогу ў кожным конкурсе і юныя зарнічнікі. У выніку напружанай барацьбы па суме набраных балаў за ўсе  конкурсы ў “Зарнічцы” першае месца заняла каманда “Заходні фарпост” Макранскай СШ (кіраўнік Сяргей Горнік). На другім месцы апынуўся атрад “Гімназічны дазор” раённай гімназіі (кіраўнік Алена Чуль), на  трэцім – каманда “Патрыёты”  Мельніцкай БШ (кіраўнік Наталля Алесік).

Хутка атрады “Іскра” і “Заходні фарпост” будзе абараняць гонар Маларытчыны на аналагічных абласных спаборніцтвах.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий