У імя закона

Выпускніку Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна Віталю Земскаму пашанцавала з працаўладкаваннем у родным горадзе. На той час патрэбны быў якраз юрысконсульт у “Дзіону”. Там малады спецыяліст і пачынаў сваю працоўную дзейнасць. Як правіла, юрысконсультаў у арганізацыях і на прадпрыемствах шмат не бывае, таму Віталю не было ў каго вучыцца, пераймаць вопыт. Але як чалавек камунікабельны ён не саромеўся патэлефанаваць больш вопытным калегам у іншыя арганізацыі і параіцца з імі, альбо пракансультавацца ў пракурора раёна ці суддзі.
Карацей кажучы, раз-бірацца ва ўсіх нюансах сваёй работы Віталю Земскаму давялося самому. Як і вывучаць яе спецыфіку.
Віталь, у чым прызнаўся сам, не з ліку тых, хто мяняе месца работы. Але калі яму прапанавалі з “Дзіоны” перайсці на пасаду юрысконсульта ў цэнтральную райбальніцу, згадзіўся. Хацелася паспрабаваць сябе і ў гэтай сферы.
6 гадоў Віталь працуе на сваёй пасадзе ў райбальніцы. Уладкоўваўся сюды часова, на перыяд водпуску калегі па догляду за дзіцяці. Але калі тая выйшла, кіраўніцтва райбальніцы не паспяшалася развітацца з Віталем. Яму прапанавалі працаваць далей, бо зарэкамендаваў сябе гэты спецыяліст як добрасумленны і адказны.
Што і казаць, не ўсе з нас такія, каго можна лічыць адукаваным юрыдычна. Таму не дзіўна, што і пытанняў да юрысконсульта ўзнікае нямала.
— Асабліва ад іншаземцаў, — удакладняе Віталь,-якіх цяпер шмат да нас прыязджае. Беларускага заканадаўства яны не ведаюць, а ў бальніцы абслугоўваюцца. Вось тут і ўзнікае шмат незразумелага. Стараешся кожнаму дапамагчы і растлумачыць, чаму так, а не гэтак, каб папярэдзіць неабгрунтаваныя скаргі ў розныя інстанцыі.
Застаць юрысконсульта Віталя Земскага ў сваім рабочым кабінеце практычна немагчыма. Ён то ў райвыканкаме, то ў пракуратуры, то ў судзе.
— Многія з пытанняў, што ў маёй кампетэнцыі, патрабуюць узгадненняў з прадстаўнікамі іншых службаў, ведамстваў,-тлумачыць Віталь,-таму ў кабінеце амаль не сяджу.
Між іншым, Віталю Земскаму як вопытнаму ўжо спецыялісту не раз прапаноўвалі работу ў іншых арганізацыях раёна, нават у Брэсце. Але ён адмовіўся.
— Я ўжо добра вывучыў сваю сферу,”набіў”, як гавораць, руку ў некаторых канкрэтных пытаннях, ведаю, з чым незразумелым могуць прыйсці да мяне грамадзяне, таму працую з задавальненнем.
Віталь Земскі — юрысконсульт 1 катэгорыі, што сведчыць пра яго высокі прафесійны ўзровень.

Ірына КАСЦЕВІЧ.
На здымку: юрыс-консульт цэнтральнай райбальніцы Віталь Земскі.
Фота Надзеі ЯЦУРЫ.

Опубликовано ГЧ №95 от 5.12.15г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!