Увага і клопат ствараюць цуд

Перад тым, як прыняць удзел у раённым мерапрыемстве, прысвечаным Міжнароднаму дню інвалідаў, наведвальнікі аддзялення пабывалі ў Брэсце, на IV штогадовым абласным фестывалі “Павер у сябе”, а яшчэ сустрэлі гасцей – выхаванцаў Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Мерапрыемства, якое аб’яднала ўсіх, насіла назву “Пасялі дабро ў сваім сэрцы”.
У назву сустрэчы невыпадкова ўвайшло слова “дабро”. Менавіта пра добрыя словы, думкі і ўчынкі гаварылі дарослыя і дзеці. Яны расказвалі гісторыі пра спагадлівых людзей, успаміналі прыказкі, якія вучаць чуласці і міласэрнасці, дарылі сонейкі як сімвал душэўнай цеплыні, выказвалі словы падзякі шчодрым людзям, якія не пакідаюць без увагі і прыемных сюрпрызаў, успаміналі ўсе самыя лепшыя мерапрыемствы, у якіх удзельнічалі наведвальнікі аддзялення на працягу года дзякуючы праекту “Моладзь выбірае здароўе”. А яшчэ чыталі вершы і спявалі прыгожыя песні пра дружбу, шчырасць у пачуццях, веру ў лепшае.
Дабавіць сваю шчырую ўсмешку ў агульную скарбонку добрага настрою, падтрымаць словам моцных, мэтанакіраваных маладых людзей, якім выпаў “асаблівы” лёс, прыйшло на сустрэчу нямала гасцей. Шчыра павітала хлопчыкаў і дзяўчынак, юнакоў і дзяўчат, іх бацькоў, якія заўсёды побач, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Федчык. Душэўных сіл пажадала ўсім сястра міласэрнасці праваслаўнага сястрынства пры Мікалаеўскай царкве Любоў Колпікава. Агіттэатр “Дзеці сонца” парадаваў гасцей казкай пра рэпку, якая была яркім пацвярджэннем таго, што ўвага і клопат дарослых да праблем “асаблівых” дзяцей здольны ствараць цуд.
А затым усе разам пілі чай. З ласункамі на свята прыйшлі госці. А яшчэ зрабіць для ўсіх багаты стол дапамаглі спонсары: карыснымі і смачнымі сокамі падзяліўся маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат, прадуктовыя наборы перадало прадпрыемства “Санта-Брэмар”, а сакавітымі яблыкамі пачаставаў айцец Анатоль з Арэхава.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час мерапрыемства “Пасялі дабро ў сваім сэрцы”.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий