50 шчаслівых гадоў Лідзіі і Сцяпана Горнікаў
У аддзеле ЗАГС Маларыцкага райвыканкама склалася добрая традыцыя: ва ўрачыстай атмасферы віншаваць сямейныя пары з сярэбраным і залатым юбілеем шлюбнага жыцця ў прысутнасці дзяцей, унукаў, праўнукаў, родных, блізкіх, сяброў. Сёлета традыцыя ўганаравання сямейных пар працягваецца. Вось апошняе таму пацвярджэнне. 1 мая пяцідзесяццігоддзе сумеснага шлюбнага жыцця адзначылі маларытчане Лідзія і Сцяпан Горнікі.
У ЗАГСе яны выглядалі, здаецца, такімі ж закаханымі, як 50 гадоў таму. Лідзія Сцяпанаўна і Сцяпан Сідаравіч прызналіся, што каб цяпер давялося жаніцца, то зноў, не раздумваючы, узялі б шлюб адно з адным, каб разам яшчэ раз прайсці 50 шчаслівых гадоў рука ў руцэ, адной сцежкай, дзелячы ўсё і заўсёды на дваіх.
Начальнік аддзела ЗАГС Маларыцкага райвыканкама Людміла Гарбацэвіч урачыста ўручыла Лідзіі і Сцяпану Горнікам Ганаровы акт сімвалічнай рэгістрацыі шлюбу, пасведчанне залатых юбіляраў сямейнага жыцця. Лідзія Сцяпанаўна і Сцяпан Сідаравіч, як і пяцьдзясят гадоў таму, хвалюючыся і трымаючыся за рукі, сталі на ручнік, абмяняліся кольцамі, закружыліся ў кранальным вальсе, паспрабавалі “напой” кахання, адзначылі памятную дату шлюбнага жыцця залатым пацалункам. А дочкі Ірына і Наталля ўручылі бацькам ганаровыя ордэны залатых юбіляраў.
Прысутныя кранальна павіншавалі Лідзію і Сцяпана Горнікаў з памятнай датай сумеснага жыцця, пажадалі моцнага здароўя, доўгіх і шчаслівых гадоў, трывалага кахання, шчырасці і цеплыні ва ўзаемаадносінах. Сюрпрызам для залатых “маладажонаў” стаў музычны падарунак ад народнага хору ветэранаў Маларыцкага раённага цэнтра культуры.
Мікалай Навумчык.
Замалёўку пра сям’ю Лідзіі і Сцяпана Горнікаў чытайце ў наступным нумары “Голаса часу”










