Энергія добрага настрою

Члены раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку разам сустракаюцца нярэдка. І хоць на сустрэчы могуць прыйсці далёка не ўсе (арганізацыя аб’ядноўвае больш за 90 жыхароў раёна), але ўвагу і цёплае слова падтрымкі ад старшыні Веры Сцяпанаўны Косік атрымлівае кожны.

Вось і на чарговую сустрэчу, прымеркаваную да Дня інвалідаў, у аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў прыйшлі толькі тыя члены таварыства, хто змог, хто знайшоў у сабе сілы. Мерапрыемства пачалося з невялікай віртуальнай экскурсіі. Гасцям цікава было пазнаёміцца з творчым калектывам аддзялення, разнастайнымі праектамі, якія дапамагаюць людзям “асаблівым” адчуваць сябе карыснымі і здольнымі на многае.
Членам арганізацыі, якіх аб’ядноўвае адна бяда, – страта зроку, арганізатары мерапрыемства дарылі шчырыя пажаданні, прыгожыя вершы. У цікавай размове ўдзельнікі сустрэчы пачулі шмат карыснага: і псіхалагічныя парады наконт таго, як упраўляць сваім настроем, і інфармацыю аб фактарах, што пагражаюць здароўю чалавека. Падарункам для гасцей былі песні ў выкананні выхаванцаў аддзялення Соф’і Ігнацюк і Андрэя Катла. Сваімі талентамі падзяліліся і члены раённай арганізацыі таварыства інвалідаў па зроку. Душэўная песня прагучала ў выкананні Марыі Якаўлеўны Абрамук. З пазітыўным настроем, які запаліла цёплая, сяброўская сустрэча, удзельнікі яе абяцалі ісці па жыцці.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час сустрэчы.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ №97 12.12.15

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий