Вышыня маларыцкіх БАКСЁРАЎ

 Прыватная “Школа бокса” ў г.Маларыта існуе ўжо 2 гады. Яе адкрыў Павел Дзячук. У спецыялізаваную залу, якая знаходзіцца на вуліцы Лермантава,10, тры разы на тыдзень прыходзяць на трэніроўку аматары бокса ва ўзросце ад 5 да 30 гадоў. За кароткі тэрмін часу выхаванцы школы ўжо змаглі паказаць высокія вынікі. У скарбонцы іх дасягненняў – перамогі на міжнародных спаборніцтвах, неаднаразовыя трыумфы на рэспубліканскіх і абласных першынствах. Акрамя таго, два чалавекі з’яўляюцца членамі нацыянальнай зборнай па боксе сярод юніёраў. І вось чарговая перамога.

Нядаўна ў г.Жабінка на базе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы прайшоў адкрыты турнір па боксе. У двух узроставых катэгорыях (2004/2005 і 2006/2007 гады нараджэння) за званне мацнейшых разам з юнымі спартсменамі з Кобрына, Жабінкі, Брэста, Пінска змагаліся і маларытчане.
— Выступленні нашых баксёраў былі ўдачнымі, — кажа трэнер Павел Дзячук. – Узнагароды заваявала адразу 8 нашых хлопцаў. Ва ўпартай барацьбе чэмпіёнамі спаборніцтваў сталі Кірыл Старасотнікаў, Захар Навумчык і Павел Панько. На другую прыступку пашаны ўзняліся таксама тры юныя спартсмены: Артур Абрамян, Дзмітрый Самуйлік і Мікіта Сезік. Трэція месцы на адкрытым турніры заваявалі Антон Казловіч і Яўген Корзан. Усе нашы хлопцы прадэманстравалі выдатную фізічную і тэхнічную падрыхтоўку, сапраўдны характар і волю да перамогі.
— Што неабходна, каб быў дасягнуты высокі вынік у боксе? – цікаўлюся.
— Любое высокае спартыўнае дасягненне – вынік настойлівых трэніровак, — гаворыць трэнер Віталій Касцючык. — Калі хочаце мець вынік, трэба старацца. Асноўную ўвагу мы надаем дасягненню высокага спартыўнага майстэрства, павышэнню фізічных якасцей. Прыярытэтным накірункам дзейнасці таксама з’яўляецца і маральнае выхаванне тых, хто наведвае «Школу бокса», далучэнне іх да агульнапрынятых каштоўнасцей.
— Без інтэлекту няма вынікаў, — сцвярджае Павел Дзячук. – Таму мы сочым за паспяховасцю ў школе. Для гэтага раз у 2 тыдні юныя баксёры прыносяць на заняткі свае дзённікі. Мы, трэнеры, абавязкова іх праглядаем. Такая форма работы стымулюе хлопцаў. Яны з большай адказнасцю адносяцца да вучобы. Для тых, хто стаіць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх ці ўнутрышкольным кантролі, дарога ў «Школу бокса» зачынена.
* * *
Набор у «Школу бокса» працягваецца. Калі вам ад 5 да 30 гадоў і вы хочаце падрымліваць фізічную форму, весці здаровы лад жыцця, запомніце адрас у Маларыце (вул. Лермантава, 10) ці патэлефануйце на нумар МТС: 8033-38-28-777.
Памятайце: спорт і фізіч-ная культура не толькі вы-працоўваюць пазітыўны і радасны настрой, але і садзейнічаюць здароўю, якое не купіш за грошы, і якое ніколі не бывае лішнім.

Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: трэнеры Павел Дзячук і Віталій Касцючык з пераможцамі і прызёрамі адкрытага турніру па боксе, які прайшоў у Жабінцы.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ №98 16.12.15

Поделиться:
  •  
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!