“Маларыта – І” – мацнейшая каманда адкрытага турніру
16 мая на футбольным полі са штучным пакрыццём у гарадскім парку райцэнтра прайшоў адкрыты турнір па футболе сярод юнакоў 2012-2013 гадоў нараджэння. Арганізатарам спаборніцтва стаў Маларыцкі раённы фізкультурна-спартыўны клуб. Удзел у турніры прыняло дзевяць аматарскіх каманд. Гэта “Маларыта – І”, “Маларыта – ІІ”, “Кобрын – І”, “Кобрын – ІІ”, “Волга – І” (г. Брэст), “Волга – ІІ” (г. Брэст), “Волга – ІІІ” (г. Брэст), “Аматар- Uni A” (г. Брэст) і “Аматар-Uni В” (г. Брэст). Спаборніцтвы праводзіліся па дзеючых правілах гульні ў футбол на гульнёвай пляцоўцы памерам у паўполя. Працягласць кожнай ігры складала 25 хвілін. Мячы забіваліся ў вароты памерам 5х2 метры.
Першае месца на адкрытым турніры заняла каманда “Маларыта – І” (трэнер Андрэй Кузьміч). Выдатную гульню на полі прадэманстравалі Мірон Джур, Яраслаў Каралькоў, Арцём Каралькоў, Кірыл Саўчук, Глеб Рачынскі, Ягор Шышук, Мікіта Карабейка, Арцём Некрашэўскі, Міхаіл Алесіюк і Канстанцін Хатынюк.
У групе “А” каманда “Маларыта – І” выйграла ў каманд “Аматар-Uni В” (9:0) і “Волга – І” (2:0), набраўшы 6 ачкоў. У фінальных гульнях набрала 4 ачкі, перамогшы каманду “Кобрын – ІІ” (2:1) і сыграўшы ўнічыю з камандай “Кобрын – І” (1:1). На другім месцы ў адкрытым турніры замацавалася каманда “Кобрын – І”, на трэцім – “Кобрын – ІІ”. Каманда “Маларыта – ІІ” заняла пятае выніковае месца.
Па выніках адкрытага спаборніцтва таксама былі вызначаны лепшыя ігракі ў некалькіх амплуа. Званне “Лепшы ігрок турніру” атрымаў Кірыл Саўчук (“Маларыта – І”), “Лепшы паўабаронца” – Максім Кушпяцюк (“Маларыта – ІІ”). Лепшым іграком у камандзе “Маларыта – І” прызнаны Мірон Джур, у камандзе “Маларыта – ІІ” – Глеб Бягеза.
Мікалай НАВУМЧЫК.






