Апошні званок у раённай гімназіі. Фотарэпартаж

Ёсць у школьным жыцці асаблівыя святы, якія пакідаюць добрую памяць, колькі б гадоў ні было вучню. У іх ліку  – і апошні школьны званок. У ім адчуваюцца ноткі суму. Для выпускнікоў свята апошняга званка – заўсёды хвалюючы момант. Ён нагадвае аб развітанні з дзяцінствам, пачатку новага этапу жыцця.

23 мая ва ўстановах адукацыі Маларытчыны празвінелі апошнія званкі. Віншаванні, кветкі,  шчырыя ўсмешкі і ўспаміны са слязьмі на вачах…  У гэтым навучальным годзе на Маларытчыне завяршаюць навучанне 303 дзевяцікласнікі і 194 – адзінаццацікласнікі. Ва ўстановах адукацыі раёна сёлета чатыры прэтэндэнты на атрыманне атэстатаў асаблівага ўзору, па адным – раённай гімназіі, СШ №1, СШ №2 і Олтушскай СШ.  Шаснаццаць выпускнікоў дзявятых класаў прэтэндуюць на атрыманне пасведчанняў  асаблівага ўзору.

Радаснай і адначасова трохі сумнай урачыстасцю стала лінейка “Апошні званок-2026” для 47 адзінаццацікласнікаў раённай гімназіі. На ёй традыцыйна сабраліся настаўнікі і выпускнікі ўстановы адукацыі, а таксама іх  бацькі і родныя. Юнакі ‒ у касцюмах і гальштуках. Дзяўчаты, як адна, быццам сышлі з вокладкі глянцавага часопіса. Хваляванні,  прыўзняты настрой, а на вачах слёзы…

Пад гукі Дзяржаўнага гімна права ўзняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь прадастаўляецца выдвтнікам вучобы, актывістам Вераніцы Крэйдзіч і Канстанціну Сароку. Затым у адрас выпускнікоў гучыць шмат цёплых, кранальных, шчырых слоў удзячнасці і падзякі.

Павіншаваць гімназістаў з заканчэннем навучальнага года прыйшлі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі  Беларусь Кацярына Паздзяйкіна,  старшыня Маларыцкага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Корж, начальнік аддзела па адукацыі Маларыцкага раённага выканаўчага камітэта Іна Панасюк, намеснік начальніка Маларыцкага раённага аддзела Следчага камітэта Аляксандр Бажко, благачынны цэркваў Маларыцкай акругі протаіерэй Віктар Паляціла.

– Вам будаваць нашу краіну, нашу светлую, моцную, квітнеючую Рэспубліку Беларусь! – адзначыў Аляксандр Корж, звяртаючыся да выпускнікоў. – Мы ў вас абсалютна ўпэўнены, бо дзяржава,  настаўнікі і бацькі  зрабілі для гэтага ўсё. Цяпер слова за вамі! Не разгубіце на жыццёвых перакрыжаваннях свой малады запал,  аптымізм, веру ў лепшае. Наперадзе  новыя экзамены і выпрабаванні, галоўны з якіх – на чалавечую годнасць.

Аляксандр Корж пажадаў маладым людзям заўжды быць патрыётамі сваёй Радзімы, ніколі не спыняцца на дасягнутым і памятаць, што Беларусь – гэта краіна, дзе можна рэалізаваць сябе ў поўнай меры, было б толькі жаданне.

Кацярына Паздзяйкіна асаблівыя словы падзякі выказала педагогам, адзначыўшы, што іх майстэрства і цярпенне – фундамент поспехаў вучняў.

– Дарагія выпускнікі! – адзначыла Кацярына Мікалаеўна.  –  Для адных гэты дзень адкрывае лета, для вас жа ён становіцца стартам у дарослае жыццё.  Вы –  будучыня нашай Беларусі, яе гонар, апора і надзея. Наперадзе выбар прафесіі і новыя гарызонты. Верце ў сябе, памятайце аб родным доме і гімназіі. Няхай кожны ваш крок будзе ўпэўненым і сумленным!  

Іна Панасюк, протаіерэй Віктар Паляціла, а таксама дырэктар раённай гімназіі Ірына Каламіец выказалі перакананасць, што кожны з выпускнікоў ужо выбраў той шлях жыцця, які стане лёсаўтваральным, што праз гады кожны з іх вернецца на Маларытчыну дыпламаваным спецыялістам, каб працаваць дзеля росквіту нашага краю, пажадалі лёгка здаць экзамены, працягнуць развівацца прафесійна, быць карыснымі грамадству, памятаць пра малую радзіму.  

 Падчас урачыстай лінейкі лепшыя выпускнікі раённай гімназіі былі адзначаны граматамі і дыпломамі. Дзяўчаты і юнакі адзінаццатых класаў станцавалі развітальны вальс на гімназічнай пляцоўцы. Свае пажаданні выпускнікам выказалі і першакласнікі.

 …Залівіста звініць школьны званок. Яго даюць першакласніца Агнія Карнялюк і адзінаццацікласнік Арсеній Галоўчык. Званок гучыць як запрашэнне ў новы шлях, у самастойны дарослы шлях. Такі прывабны і пакуль што нязведаны.

Поспехаў табе, выпускнік 2026 года! Шчаслівага шляху! Спадарожнага ветру!

Мікалай НАВУМЧЫК.

 Фота аўтара.

 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий