Хрызантэмы для юбіляра

  Для колішняга старшыні калгаса “Запаветы Леніна”, кавалера ордэнаў Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі і “Знак пашаны”, заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Леаніда Ляонава год Казы, што адыходзіць, знамянальны ва ўсіх адносінах.

У пачатку яго знакаміты некалі кіраўнік быў удастоены звання «Ганаровы грамадзянін Маларыцкага раёна». І гэта справядліва. Калектыўная гаспадарка пад яго кіраўніцтвам дасягнула ў 80-я гады мінулага стагоддзя небывалых вышынь у вытворчасці сельгаспрадукцыі, за што не толькі старшыня, але і многія спецыялісты і радавыя працаўнікі калгаса былі ўдастоены высокіх дзяржаўных узнагарод. Новае аблічча набыла і цэнтральная сядзіба гаспадаркі – вёска Хаціслаў. Яна ўжо ў той час стала сучасным аграгарадком з усімі камунікацыямі і прыродным газам, з’яўленне якога ў населеным пункце наўрад ці стала б магчымым без намаганняў Леаніда Іванавіча. Дзякуючы дасягненням калгаса “Запаветы Леніна”, куды з усіх рэгіёнаў рэспублікі ехалі за перадавым вопытам, і раён быў у пашане.
І гэта сімвалічна, што дыплом Ганаровага грамадзяніна Маларыцкага раёна і чырвоную стужку з такім жа надпісам Леаніду Ляонаву былы старшыня райвыканкама Казімір Лапіч уручыў на ўрачыстым сходзе, прысвечаным 75-годдзю раёна. Сімвалічна і тое, што на сцэне гарадскога Дома культуры знакаміты сельгасвытворца знаходзіўся разам з яшчэ адным Ганаровым грамадзянінам Маларыцкага раёна, алімпійскім чэмпіёнам, цяжкаатлетам, маларытчанінам Леанідам Тараненкам. Абодва, хоць і на розных нівах дзейнасці, здабывалі славу для Маларытчыны.
… А 19 снежня, акурат у дзень праваслаўнага свята – Дня Мікалая Цудатворцы, Леанід Іванавіч адзначыў свой 85-ы дзень нараджэння. І ён шчаслівы, што, нягледзячы на ўсе жыццёвыя нягоды і перыпетыі: вайну, пасляваенную разруху і нястачу, нялёгкую ношу старшыні калгаса, дажыў да гэтай даты. Прычым, у пары са сваёй жонкай Усцінняй Фёдараўнай. Шчаслівы, што сустракаў і прымаў гасцей, што мае дзяцей і ўнукаў, што хатні тэлефон у гэты дзень “разрываўся” ад званкоў з віншаваннямі з нагоды яго юбілею.
Як заўжды, парадавалі Леаніда Іванавіча таксама ўжо колішнія спецыялісты калгаса “Запаветы Леніна”, а па сутнасці, калегі і сапраўдныя сябры, з якімі ў свой час, як гавораць, “не адзін пуд солі з’елі”. Уладзімір Кашко, Сцяпан Паўчалюк, Пётр Яцура не толькі даслалі яму віншавальную паштоўку з днём нараджэння праз раённую газету, але і ў госці завіталі, каб моцна паціснуць руку свайму старшыні, падняць чарку за яго здароўе і ўспомніць гады былыя. То быў сапраўдны вечар успамінаў сяброў.
Парадавала гаспадара дома №5 па вуліцы Гагарына і тое, што пра яго ў дзень юбілею не забыла і сённяшняе кіраўніцтва гаспадаркі. З віншаваннямі і пажаданнямі ўсяго найлепшага да яго завіталі старшыня сельгаскааператыва “Хаціслаўскі” Андрэй Курдзюк, старшыня прафсаюзнага камітэта Васіль Бяльчук і галоўны бухгалтар Людміла Ігнатовіч.
І ў панядзелак у доме Леаніда Ляонава былі госці. Яны прыехалі з райцэнтра з падарункам і белымі хрызантэмамі. Старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Уладзімір Бойка, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Федчык і спецыяліст па сацыяльнай рабоце тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Інэса Гардзяйчук гаварылі нямала цёплых слоў у адрас імянінніка. А ён успамінаў сваё жыццё, гаварыў пра дзень сённяшні, пра цёплыя адносіны расіян і беларусаў, бо сам родам са Смаленшчыны, і , вядома ж, пра падзеі ва Украіне, якія яго, як і любога неабыякавага чалавека, хвалююць і засмучаюць. Шкадаваў Леанід Іванавіч, што не змагла прыехаць на яго дзень нараджэння дачка. Захварэла. І гэта крыху засмуціла бацьку. Але не таму, што святкаванне праходзіла без яе. Ён перажывае за здароўе сваіх дзяцей і спадзяецца, што ўсё будзе добра. Затое жонка старэйшага сына парадавала свёкра-юбіляра надта ж смачным тортам, які спякла сама і якім імяніннік пачаставаў і нас…

Надзея ЯЦУРА.
На здымку: у знак 85-годдзя – белыя хрызантэмы.
Фота аўтара. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий