У раёне прайшлі традыцыйныя спаборніцтвы санітарных дружын

 29 мая гарадскі парк нагадваў своеасаблівы шпітальны гарадок. Тут прайшлі традыцыйныя раённыя спаборніцтвы санітарных дружын.  Асноўнай мэтай спаборніцтваў было праверыць іх гатоўнасць да работы ў ачагах масавага паражэння пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый ва ўмовах мірнага і ваеннага часу, а таксама аказання першай медыцынскай дапамогі пацярпелым.

У спаборніцтвах прыняло ўдзел восем каманд: СУП “Савушкіна”,  СУП “Хаціслаўскі”, ААТ “Макраны”, ААТ “Чарняны”, ААТ “Чырвоны партызан”, ААТ “Гвозніца”, Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат, Маларыцкая ЖКГ. Удзельнікаў мерапрыемства шчыра вітаў начальнік Маларыцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Касянюк. Падчас урачыстага адкрыцця ён адзначыў, што спаборніцтвы санітарных дружын ‒ гэта своеасаблівая праверка гатоўнасці да дзеянняў у надзвычайных сітуацыях  як прыроднага, так і тэхнагеннага характару.  У цяперашні час, калі існуе пагроза тэхнагенных катастроф, прыродных катаклізмаў і стыхійных бедстваў, вельмі актуальнай з’яўляецца падрыхтоўка на прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах фарміраванняў грамадзянскай абароны.

Традыцыйна спаборніцтвы пачаліся з жараб’ёўкі. Кожная санітарная дружына атрымала свой нумар і ацэначны маршрутны ліст. Каманды дэманстравалі сваю гатоўнасць да дзеянняў у складаных умовах пры стыхійных бедствах, вытворчых аварыях і катастрофах. Барацьба разгарнулася вельмі відовішчная! Удзельнікам, экіпіраваных процівагазамі, санітарнымі сумкамі, насілкамі і іншым інвентаром, неабходна было прайсці пяць этапаў. Падчас выпрабаванняў правяралася табельнае аснашчэнне членаў каманды і ўменне карыстацца ім, работа санітарнай дружыны ў ачагах камбінаванага і хімічнага паражэнняў (на пляцоўках частковай дэзактывацыі і частковай санітарнай апрацоўкі), у ачагу інфекцыйнага захворвання. Падчас яшчэ аднаго этапу суддзі ацэньвалі тэарэтычныя веды канкурсантаў.

Па выніках спаборніцтваў першае месца заваявала санітарная дружына СУП Хаціслаўскі” (камандзір Таццяна Ківачук),  другое – ААТ “Макраны” (камандзір Наталля Дардзюк), трэцяе ‒ ААТ Чарняны” (камандзір Крысціна Абрамук). Каманда-пераможца і каманды-прызёры адзначаны граматамі.   Іх уручаў першы намеснік начальніка Маларыцкага РАНС Дзянс Пантыкін. Граматай у намінацыі “Лепшы камандзір санітарнага звяна” ўзнагароджаны Максім Яцура (СУП “Савушкіна”), у намнацыі “Лепшы камандзір санітарнай дружыны” – Таццяна Кардзялюк (ААТ “Чырвоны партызан”), у намінацыі “Лепшая сандружынніца”  – Дарья Калмыкова (ЖКГ). Каманды-ўдзельніцы  спаборніцтваў таксама атрымалі  ўзнагароды ад Маларыцкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі Чырвоны Крыж”. Заслужаныя ўзнагароды ўручала яго старшыня Любоў Сядляр.

Хутка сандружына СУП Хаціслаўскі” будзе прадстаўляць наш раён на аналагічных абласных спаборніцтвах.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий