Віншаванні з 95-годдзем прымала доўгажыхарка Іза Касьян

30 мая маларытчанка Іза Касьян адзначыла сваё 95-годдзе. З кветкамі, падарункамі, пажаданнямі здароўя, бадзёрасці і доўгіх гадоў жыцця да жанчыны завіталі  намеснік старшыні Маларыцкага райвыканкама Галіна Стасюк, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Маларыцкага райвыканкама Аксана Кандзярэшка, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Людміла Алесік, загадчык цэнтральнай раённай аптэкі №14 Галіна Маліч, дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Маларыцкім раёне Ірына Ляшкевіч.

Галіна Стасюк зачытала віншавальны адрас ад імя старшыні раённага выканаўчага камітэта Аляксандра Каржа: “Жадаю Вам моцнага здароўя, невычэрпнай энергіі, росквіту, актыўнага даўгалецця, любові і падтрымкі блізкіх. Няхай родныя людзі акружаюць Вас клопатам, пяшчотай, цеплынёй…”

Іза Васільеўна шчыра дзякавала ўсім, хто прыйшоў павіншаваць яе з памятнай датай. Нягледзячы на паважаны ўзрост, жанчына цудоўна выглядае, аптымістычна і з удзячнасцю сустракае кожны новы дзень.

Іза Касьян нарадзілася і вырасла ў станіцы Новаанінская Краснадарскага краю. Па стане здароўя ў 1950 годзе пераехала на пастаяннае месца жыхарства ў горад Слонім да роднай сястры Таісіі і стала працаваць піянерважатай у адной са школ горада. Неўзабаве выйшла замуж за юрыста Канстанціна Міхайлавіча. Яго ў 1965 годзе перавялі ў Маларыту. Тут ён стаў працаваць старшынёй камітэта народнага кантролю пры Маларыцкім раённым камітэце Камуністычнай партыі Беларусі.

Іза Васільеўна на новым месцы ўладкавалася касірам у кінатэатр “Радзіма”, затым – касірам у ашчадную касу. У 1976 годзе была пераведзена ў Інспекцыю дзяржаўнага страхавання Маларыцкага раёна страхавым агентам, а праз некалькі гадоў стала брыгадзірам. На гэтай пасадзе працавала да выхаду на заслужаны адпачынак. Дарэчы, за жанчынай быў замацаваны ўчастак, куды ўваходзілі Масевічы, Пажэжын і вакольныя вёскі. Сюды з Маларыты яна дабіралася па-рознаму: і на цягніку, і на папутках.

Іза Васільеўна і Канстанцін Міхайлавіч выхавалі чацвярых дзяцей: Яўгена, Таццяну, Васілія і Уладзіміра. Цяпер жанчыну радуюць яшчэ шасцёра ўнукаў і дзясяцера праўнукаў.

Іза Касьян не адчувае сябе адзінокай. Яе даглядаюць сын Уладзімір, а таксама сын Васілій і яго жонка Валянціна. Часта наведваюцца ўнукі і праўнукі.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий