Прафесія для мужных і адважных

Па трывозе – за руль
Калі Аляксандр Абрамчук набываў прафесію вадзіцеля, ён і не думаў, што яго жыццё будзе звязана з дзяжурствамі, выездамі з сірэнай на пажары ці іншыя надзвычайныя сітуацыі. Але выпадку, які прывёў яго ў райаддзел па надзвычайных сітуацыях, нават рады. Бо работа тут важная і патрэбная, што адчуў з першага дня. Як сёння памятае: зіма, першае дзяжурства і трывожны выклік. Трэба было спяшацца на пажар, нічога не ўпусціць, не разгубіцца, і, вядома, не назіраць з боку, а дапамагаць іншым змагацца з агнём. Першы баявы выезд не расчараваў. Затым быў другі, трэці… Набываўся вопыт, загартоўваўся характар.
Галоўная задача вадзіцеля, каб яго машына заўжды была падрыхтавана да выезду па трывожнаму сігналу. Летась у верасні на баявое дзяжурства ў пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 райаддзела па надзвычайных сітуацыях, дзе і служыць Аляксандр Абрамчук, заступіла пажарная аўтацыстэрна павышанай праходнасці, запас вады ў якой складае 10 тон. З гэтай магутнай тэхнікай вопытны вадзіцель спраўляецца выдатна, кіруе ёй умела, добра ведае карту раёна, а таму хутка дабіраецца туды, дзе надзвычайнае здарэнне. Восем гадоў службы, а гэта вялікая колькасць выездаў і што­дзённыя трэніроўкі, дазволілі Аляксандру паказаць добры вынік у абласным конкурсе на лепшага вадзіцеля Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС і ўвайсці ў склад каманды для выступлення ў рэспубліканскім конкурсе, дзе ў асабістым першынстве Аляксандр Абрамчук заваяваў перамогу. Перамагаць, прызнаецца Аляксандр, прыемна. Але галоўнае, як лічыць, утрымаць дасягнуты ўзровень, быць лепшым не толькі сёння, але і заўтра. А для гэтага трэба пастаянна працаваць над сабой.
Мінулы 2015 год для Аляксандра быў знамянальны не толькі поспехамі на службе. У яго нарадзіўся сын. І гэта яшчэ адзін стымул быць у ліку лепшых.

Узнагарода – медаль
“За бездакорную службу”
Прафесія выратавальніка – гэта жыццё: цяжкае, адказнае і высакароднае. Вось ужо 15 гадоў з гэтай прафесіяй звязаны дні і ночы камандзіра аддзялення ПАСЧ № 1 Аляксандра Сезіка. Вопыт, назапашаны за гэты час, прывучыў яго дзейнічаць аўтаматычна, прымаць верныя рашэнні імгненна. І хоць адпрацаваны ўжо сотні разоў дзеянні ў час любой надзвычайнай сітуацыі, але кожны пажар, як добра ведае выратавальнік, непрадказальны, і дзейнічаць у час яго па аналогіі ніколі не атрымліваецца. Прыбыўшы на месца пажару, за лічаныя хвіліны Аляксандр паспявае сканцэнтравацца, пралічыць у галаве ўсе варыянты развіцця падзеі і выбраць той, што дапаможа хутчэй пабароць вогненную стыхію. Ці ёсць у гэты момант страх? З ім выратавальнік навучыўся змагацца, і калі баіцца, як прызнаецца, дык за жыццё іншых. Рызыка, як лічыць Аляксандр, павінна быць абгрунтаванай. І самае галоўнае — ведаць, як дзейнічаць. А гэтаму выратавальнікі вучацца на рэгулярных занятках на баявым дзяжурстве. Трэніровак, што ведае кожны выратавальнік, не бывае многа, як і не бывае лішняй спартыўная загартоўка. Сам Аляксандр шмат гадоў захапляецца гіравым спортам, дасягнуў ужо звання майстра, на чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь сярод падраздзяленняў МНС выходзіў у сярэбраныя прызёры, тройчы быў бронзавым прызёрам. Спорт выпрацоўвае вынослівасць, а сіла, вытрымка, разам з мужнасцю і адвагай у прафесіі выратавальніка самыя галоўныя складаемыя. Як, між іншым, і вынаходлівасць. Менавіта яна і добрае ўменне арыентавацца па карце раёна не раз дапамагалі Аляксандру Сезіку з дапамогай тэлефона выводзіць з лесу грыбнікоў, якія заблудзіліся і не маглі адшукаць дарогу дамоў.
Кожны год супрацоўнікі падраздзяленняў райаддзела па надзвычайных сітуацыях спаборнічаюць за званне лепшага выра­тавальніка. Летась гэтае званне заваяваў Аляксандр Сезік. А яшчэ з рук міністра Уладзіміра Вашчанкі выдатнік пажарнай службы атрымаў медаль “За бездакорную службу”. Гэта ўзнагарода за адданасць справе.
* * *
Як паведамляюць у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, на рахунку падраздзяленняў маларыцкага гарнізона за апошнія 5 гадоў 1187 баявых выездаў, з іх 182 былі непасрэдна звязаны з ліквідацыяй пажараў і надзвычайных сітуацый, 337 – факты рэагавання на розныя ўзгаранні. У прыродных экасістэмах ліквідавана 166 пажараў. Летась было выратавана і эвакуіравана з небяспечнай зоны 2 чалавекі, прадухілена знішчэнне агнём 53 пабудоў і 5 адзінак тэхнікі, ліквідавана 22 узгаранні ў экасістэмах, праведзена 35 выездаў на ліквідацыю гнёзд жаланосных насякомых, 2 выезды на ліквідацыю ДТЗ, у час якіх выратавана 2 чалавекі. За лічбамі аб праведзенай рабоце стаяць жыцці людзей, захаванасць іх маёмасці, дамоў. Мужнасці, смеласці і адвагі выратавальнікам не пазычаць. Застаецца ім пажадаць удачы і здароўя. А яшчэ — спакойных дзяжурстваў!

Святлана МАКСІМУК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА

Опубликовано ГЧ от 16.01.16г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!