“Магія” імені

Сярод марозных студзеньскіх дзён ёсць адзін, які мае назву “Таццянін дзень”. Ён мае значэнне не толькі для жанчын, якіх бацькі адарылі гэтым  імем, але і для студэнтаў, што ў гэты дзень не ўпускаюць магчымасці адзначыць сваё “прафесійнае” свята. Менавіта 25 студзеня ў 1755 годзе імператрыца Расійскай дзяржавы Елізавета Пятроўна падпісала загад аб заснаванні Маскоўскага ўніверсітэта. Праваслаўныя ў гэты дзень ушаноўваюць памяць святой пакутніцы Таццяны, дзякуючы якой многія рымляне сталі хрысціянамі. Яна даглядала за хворымі i дапамагала тым, хто жыве ў нястачы. У яе імя на тэрыторыі ўніверсітэта быў асвечаны храм. Так святая Таццяна стала заступніцай Маскоўскага ўніверсітэта, а потым і ўсёй студэнцкай моладзі. Разам з іншымі Таццянамі 25 студзеня будзе прымаць віншаванні з днём анёла і маларытчанка Таццяна Чыкіта. Святкаваць Таццянін дзень у яе нагода двайная, бо ў гэты дзень яна з’явілася на свет.

Бацькі не думалі называць дзяўчынку Таццянай. Паспрыяў гэтаму, можна сказаць, выпадак. Маладой маці медсястра ў радзільным доме паведаміла:
— У вас Таццяна нарадзілася!
— Чаму Таццяна? — запытала жанчына.
— Сёння ж Таццянін дзень!
Так і з’явілася ў нованароджанай імя. Сама Таццяна гэтую выпадковасць лічыць шчаслівай, бо імя ёй вельмі падабаецца і падыходзіць.
— Калі была студэнткай, 25 студзеня лічыла для сябе трайным святам, бо студэнты і зараз віншуюць адзін аднаго з гэтым днём. Плюс і ў тым, — жартуючы, адзначае Таццяна, — што для сяброў у календары шпаргалка ёсць. Таму з днём нараджэння не забываюць павіншаваць.
У многіх людзей імя Таццяна асацыіруецца з аднайменнай гераіняй рамана Аляксандра Пушкіна «Евгений Онегин». Душэўная, рамантычная, сціплая і ў той жа час эмацыянальная і смелая Таццяна Ларына яшчэ ў школе выклікае сімпатыю ў дзяўчынак. Яна — сапраўдны сімвал жаноцкасці. Многія з пералічаных рыс характару Таццяны Ларынай знаходзіць у сабе і гераіня майго матэрыялу:
— Я чалавек адкрыты, дружалюбны, вясёлы. Для мяне многае значаць сямейнае цяпло, хатняя ўтульнасць, якія мяне падсілкоўваюць энергіяй.
Таццяна Чыкіта пасля заканчэння Мельніц­кай школы паступіла ў Брэсцкі дзяржаўны гандлёва-тэхнічны каледж, дзе набыла спецыяльнасць кандытара. Па размеркаванні працавала на Брэсцкім хлебазаводзе. А цяпер радуе сям’ю рознымі ласункамі. Ацэньваюць кулінарныя шэдэўры Таццяны самыя строгія эксперты – маленькія дачушкі Настасся і Ульяна. Увесь час яны праводзяць з матуляй, аднак жанчыну гэта не стамляе, бо ў дзетках бачыць сваё жаночае шчасце.
У тое, што імя аказвае на характар чалавека нейкі ўплыў, Таццяна Чыкіта верыць.
— У мяне няма сябровак цёзак, каб параўнаць, ці схожыя ў нас характары, аднак маці майго мужа таксама Таццяна. І ў многім мы з ёй падобныя, — заўважае Таццяна Чыкіта.
Сярод знаёмых мне Таццян нямала добрых, апантаных хатнімі клопатамі, чулых жанчын з сонечным унутраным святлом. Магчыма, супадзенне, а, можа, гэта чароўная “магія” імені Таццяна.
* * *
Хочаце верце, хочаце не:
у Таццянін дзень нашы продкі назіралі за станам надвор’я. Яны заўважылі, што снегапад на Таццяну прадказвае дажджлівае лета; маразы і яснае неба ў гэты дзень спрыяюць добраму ўраджаю; а калі ў Таццянін дзень сонечна, дык рана прыляцяць птушкі.
Дар’я ЛУЦЫК.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 4 от 20.01.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!