За шчытом любві да прафесіі

Адпрацоўка…Для многіх маладых спецыялістаў гэтае слова гучыць як прыгавор, што на два гады пе­ракрэслівае ўсе планы, змяняе месцапражыванне, асяродак. Малады ўрач-тэрапеўт аддзялення дзён­нага знаходжання цэнтральнай райбальніцы Людміла Цодзік успрымае яе, як  добрую магчымасць атрымаць каштоўнейшы першы вопыт. І не важна, дзе ты яго набудзеш. Больш значна іншае: якім спецыялістам станеш…

…Яна не марыла аб прафесіі медыка з дзяцінства, як гэта бывае ў многіх дзяцей пасля наведвання дактароў. Ды і ў сям’і, і сярод сваякоў урачоў не было. У школе, якую Людміла закончыла з залатым медалём, дзяўчыне аднолькава лёгка даваліся як філалагічныя прадметы, так і прыродазнаўчыя навукі. І ўсё ж крыху пазней прыйшло асэнсаванае жаданне пайсці ў медыцыну. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў родным Рагозна, што ў Брэсцкім раёне, яна паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Вучобу ў гэтай навучальнай ўстанове не назавеш простай. Штудзіраванне кніг, шэсць гадоў упартай працы над сабой, праверка атрыманых ведаў на практыцы ў час інтэрнатуры – і ты спецыяліст-медык. Ці хапае ўсяго гэтага, каб сапраўды стаць добрым урачом?
— Напэўна, не. Усё прыходзіць з вопытам, — гаворыць Людміла Цодзік. – Толькі ў час інтэрнатуры зразумела, што сапраўды ўяўляе сабой прафесія, якую абрала. Дагэтуль не даводзілася прымаць рашэнні самастойна. Заняткі ў групе ва ўніверсітэце хоць і даюць агульнае ўяўленне, аднак практычныя навыкі пачынаеш набываць толькі на першым працоўным месцы.
Людміла ведала, што размяркуюць яе на Брэстчыну. Аднак аб тым, што трапіць у Маларыту, хоць і бывала тут раней, нават не думала. А ёй у Маларыце яшчэ давялося і інтэрнатуру праходзіць. Гэтая навіна адразу крыху расчаравала дзяўчыну, бо ведала яна, што раней інтэрны набывалі свой вопыт на базе абласных устаноў аховы здароўя. Але цяпер малады ўрач ніколькі не шкадуе, што ўсё склалася менавіта так. Вельмі ўдзячна малады доктар загадчыку тэрапеўтычнага аддзялення райбальніцы Аляксандру Мартынюку:
— Ён падказваў, дапамагаў, вучыў, але не пазбаўляў самастойнасці. І цяпер Аляксандр Аляксандравіч для многіх маладых спецыялістаў добры і ўважлівы дарадчык.
Пасля інтэрнатуры, у час якой давялося выпрабаваць сябе і на прыёме ў паліклініцы, і ў рабоце з пацыентамі тэрапеўтычнага аддзялення, назначэнне на новае месца – урачом-тэрапеўтам у аддзяленне дзённага знаходжання – не было для яе нечым невядомым.
Працоўныя будні ўрача патрабуюць уважлівых і адказных адносін да пацыентаў. Маладому доктару штодня даводзіцца дасканала ўнікаць у гісторыі хвароб каля двух дзясяткаў людзей. Як прызнаецца Людміла, работа ў аддзяленні ёй падабаецца тым, што ў адносінах да пацыентаў можна праявіць больш увагі, дэталёва разабрацца ў іх праблемах, ці проста выслухаць. І хоць работы шмат, яна не стамляе. Калі на выхадныя не выпадае дзяжурства, дзяўчына едзе ў вёску, каб праведаць родных. Як складзецца далей яе жыццё, ці застанецца Людміла на Маларытчыне? Аб гэтым, лічыць малады спецыяліст, разважаць пакуль рана. Галоўнае, што Людміла ўпэўнена: яна знайшла менавіта сваю справу, тую прафесію, якая вельмі патрэбна людзям.

На здымку: Людміла Цодзік, урач-тэрапеўт аддзялення дзённага знаходжання цэнтральнай райбальніцы.

Опубликовано ГЧ № 8  3.02.2016г.

Аўтарскі праект Дар’і Луцык

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!