Дыягназ, пастаўлены жыццём

Пры  знаёмстве з чалавекам іншы раз бывае дастаткова ўсяго толькі некалькі хвілін пабыць побач, каб дакладна зразумець, хто ён па прафесіі. Існуюць характэрныя рысы, якія выдаюць спецыяліста-прафесіянала. Некалькі гадоў назад мне ўпер­шыню выпадкова давялося сустрэцца з Галінай Маліч. Праз 5 хвілін размовы я быў перакананы, што яна працуе фармацэўтам. Так яно на самай справе і аказалася. Сёння Галіна Мікалаеўна – намеснік загадчыка Цэнтральнай раённай аптэкі № 14 г. Маларыты. Ёй, па меркаванню калег і наведвальнікаў, уласціва ветлівасць, адкрытасць, камунікабельнасць, адказнасць, ініцыятыў­насць, увага да субясед­ніка, прыстойнасць, цярпенне, уменне абыходзіцца з людзьмі, жаданне дапамагчы ім. У аптэку, напэўна, рэдка захо­дзяць тыя, у каго нішто не баліць. Таму ўсім, хто тут працуе, неабходна ўмець далікатна абыходзіцца з пацыентамі.
— Калі вы прыйшлі працаваць у фармацыю, — пераконвае мая субяседніца, — не думайце, што там лёгка. Вы працуеце з нездаровымі людзьмі, таму трэба заўжды быць тактоўным і ўмець спачуваць ім. Фармацэўт-правізар – гэта той чалавек, які выдатна разбіраецца ў лекавых прэпаратах, іх прымяненні, складзе і дазіроўцы. Ён не павінен ніколі дапускаць і маленькай памылкі, бо яна можа каштаваць жыцця.
— Галіна Мікалаеўна, а што самае галоўнае ў прафесіі фармацэўта? – цікаўлюся я.
— Усё. Драбязы і друга­раднасці ў нас не бывае. Важным элементам з’яўляецца і парадак. Кожны медыцынскі і фармацэўтычны выраб павінен ляжаць на сваім фіксаваным месцы, інакш хутка нешта патрэбнае сярод 6 тысяч прэпаратаў знайсці будзе цяжка. А яшчэ мы ў адказе за кожнага наведвальніка, бо часта рэкамендуем-прапануем той ці іншы лекавы сродак. Таму ўсё павінна быць выверана і праверана.
Галіна Маліч і сапраўды прафесіянал сваёй справы, бо на фармацэўтычнай ніве самааддана шчыруе ўжо 25 гадоў. Усё пачалося з таго, што пасля заканчэння 8 класаў Тышкавіцкай СШ (Іванаўскі раён) паступіла вучыцца ў Магілёўскае медыцынскае вучылішча. Закончыўшы яго ў 1985г. і атрымаўшы дыплом, па размеркаванню трапіла ў Маларыту. Ды не сама, бо сюды пераманіла і мужа Пятра Міхайлавіча. Новае месца жыхарства абаім было даспадобы, таму тут і засталіся. Тым больш, што была любімая работа, шчырыя сябры, з’явіліся дзеці Вольга і Ганна. Усё гэта паспрыяла таму, што ехаць адсюль шукаць лепшую долю не сталі. І не прагадалі. Жыццё наладзілася і пацякло сваім рэчышчам – ціхім, спакойным. Са сваімі клопатамі, турботамі і радасцямі, перамогамі. Толькі вось адно стала турбаваць Галіну Мікалаеўну. Спачатку – рэдка, а потым – усё часцей і настойлівей. Захацелася атрымаць вышэйшую адукацыю. Доўга не асмельвалася, але нарэшце рашылася. Дапамог выпадак. Старэйшая дачка Вольга вучылася ў 11 класе раённага ліцэя. Галіна Мікалаеўна, як клапатлівая маці, стала ёй дапамагаць  у  падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсці­равання. Працэс настолькі захапіў жанчыну, што яна прымае рашэнне ЦТ здаваць ра­зам з дачкою.  Вольга ў 2007 г. стала студэнткай фармацэўтычнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага медунівер­сітэта, а Галіне Маліч туды ж не хапіла некалькіх балаў.  Але ад задуманага не адступілася. На наступны год тэсты здала так, што атрыманых балаў хапіла, каб быць у спісе студэнтаў абранай ВНУ. У 2009 г. у гэты ж універсітэт паступае і меншая дачка Ганна.
— У нашай сям’і на дадзены момант трое студэнтаў, — усміхаецца мая субяседніца. – У адной ВНУ, на адным факультэце мы набываем аднолькавую спецыяльнасць. Даводзіцца сумяшчаць любімую работу і вучобу.
Аднак Галіне Мікалаеў­не гэта даецца лёгка. За поспехі і пра­фесіяналізм у рабоце яна ўзнагароджана граматай аблвыканкама, некалькі гадоў назад праз экзамен атрымала вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю фармацэўта. Акрамя таго, прымала ўдзел у абласным конкурсе “Лепшы рэцэптар”, дзе заняла 4 месца (не хапіла 0,2 бала для таго, каб узняцца на трэцюю прыступку п’едэстала пашаны.
— Быць аптэкарам – мара дзяцінства. Я шчаслівая, што магу хоць чымсьці дапамагаць людзям. Ад сваёй прафесіі атрымліваю толькі задавальненне, гэта не толькі мой хлеб надзённы, але і паветра, якім дыхаю, лад і стыль жыцця.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Галіна Маліч, намеснік загадчыка Цэнтральнай раённай аптэкі №14 г. Маларыты.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!