…Чые імёны застылі ў граніце

  Прайшло ўжо 27 гадоў з таго дня, калі ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Афганістан афіцыйна закончылася вайна. 15 лютага 1989 года ў адпаведнасці з заключанымі Жэнеўскімі пагадненнямі апошні савецкі салдат пакінуў тэрыторыю гэтай краіны.

Свой інтэрнацыянальны аба­вязак у Афганістане вы­конвалі і прадстаўнікі нашага раёна. На тэрыторыі Маларытчыны пражываюць 98 воінаў-інтэрнацыяналістаў. У іх, былых таварышаў па зброі, і сёння ёсць агульныя інтарэсы. Цяпер афганцаў аб’ядноўвае раённая ар­ганізацыя ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”. Кожны год воіны-інтэрнацыяналісты знаходзяць у сабе сілы сабрацца разам, каб успомніць былыя ваенныя падзеі, сваіх баявых таварышаў, падтрымаць адзін аднаго.
Не стаў выключэннем і сёлетні год. 15 лютага воіны-афганцы наведалі магілы тых, хто загінуў на вайне на чужыне і памёр на Радзіме пасля заканчэння баявых дзеянняў і вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Адзін маршрут пралёг праз вёскі Хаціслаў, Збураж, Ланская, гарадскія могілкі. Другі, у якім, акрамя былых афганцаў, былі і навучэнцы Маларыцкага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, а таксама Уладзімір Бойка, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі, Алег Шышацкі, раённы ваенны камісар, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”, — праз вёскі Лукава, Дарапеевічы і Чарняны.
Хвілінай маўчання і ўскла­даннем да помнікаў вянкоў і жывых кветак прысутныя ўшанавалі памяць тых хлопцаў, чые імёны навечна застылі ў граніце… З афганскай вайны жывымі дадому не вярнуліся Іван Кіцель з Дарапеевіч, Юрый Шэлегейка з Чарнян…
Затым былыя афганцы сабраліся ў Мікалаеўскай царкве райцэнтра. Тут яны разам з протаіерэем Віктарам Паляцілам узносілі малітвы за спачылых.
Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў увабраў у сябе ўсю горыч вайны, якая несла і ў наш край душэўныя пакуты, трывогі і смерць. Прадстаўнікі Маларытчыны, якія прымалі ў ёй удзел, праявілі храбрасць і самаахвярнасць, мужнасць і гераізм, сталі прыкладам сумленнага выканання свайго воінскага абавязку.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Опубликовано ГЧ № 13 от 20.03.16г.

 

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!