Пра культуру і не толькі


Культура не толькі як сфера дзейнасці, але і як неабходная складаемая грамадскага жыцця стала галоўнай тэмай Дня інфармавання, які ў мінулы чацвер прайшоў у гарадской сярэдняй школе № 2 г. Маларыта.

Інфармацыйна-прапагандысцкая група, якую ўзначальвае старшыня райвыканкама Мікалай Шум, ставіла задачу не толькі пазнаёміць педагагічны калектыў і школьнікаў з накірункамі, у якіх развіваецца культура Беларусі, але і закрануць блізкія да гэтага паняцця тэмы: паводзіны ў грамадскіх месцах, добраўпарадкаванне, выбар прафесіі. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Андрэй Гарбацэвіч расказаў аб дасягненнях у сферы культуры раёна, якіх нямала. А таксама растлумачыў, што ў Год культуры давядзецца далей вырашаць пытанні аптымізацыі, выхаду на новы якасны ўзровень. Начальнік райаддзела ўнутраных спраў Віталь Ганчарук заклікаў прысутных разглядаць паняцце “культура” маштабна, праз прызму паводзін чалавека, адказнасці яго за свае ўчынкі, павагі да сябе і іншых людзей. Па словах Віталя Іванавіча, у апошні час колькасць правапарушэнняў, якія ўчыняюцца ў грамадскіх месцах, значна павялічылася. І, на яго думку, сітуацыя не зменіцца, пакуль людзі будуць абыякава ставіцца да бескультур’я, якое побач.
Мэта такіх сустрэч у калектывах – не толькі праінфармаваць людзей па вызначанай тэме, але і забяспечыць даступнасць улады. Магчымасцю задаць пытанні, якія хвалююць, скарысталіся як настаўнікі, так і школьнікі, якіх цікавілі магчымасці паступіць у навучальныя ўстановы сілавых стуктур. А калектыў школы прасіў у кіраўніка раёна садзейнічання ў вырашэнні пытання рамонту ў школьнай сталовай, на які, па падліках, патрэбна немалая сума сродкаў. Мікалай Шум адзначыў, што ведае аб гэтай праблеме і яна з цягам часу будзе вырашана.

Дар’я ЛУЦЫК.
На здымку: у час Дня інфармавання ў гарадской сярэдняй школе №2.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 14 от 24.02.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий