На карысць усіх і кожнага

202 члены прафсаюза аб’яд­ноў­­вае ў сваіх радах прафсаюзная арганізацыя Маларыцкага кансер­ва­ва­гароднінасушыльнага камбіната. Стапрацэнтнае
прафсаюзнае членства ўсіх работні­каў – магчымасць разам працаваць над тым, каб прадпрыемства развівалася, давала прыбытак і, ад­па­ведна, пашыраліся сацыяльныя гарантыі. Дзейнічаць у адным напрамку адміністрацыі і прафсаюзнаму камітэту дапамагае калектыўны дагавор.

Усе пункты яго, якой бы складанай ні была эканамічная сітуацыя, на камбінаце стараюцца абавязкова выконваць. Якія меры матэрыяльнай падтрымкі прадугледжаны дагаворам? Гэта і выплата прэміі па выніках года, і аднаразовыя выплаты да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, Дня жанчын, прафесійнага свята, грашовая дапамога мнагадзетным сем’ям да Дня маці, а ў падарунак іншым мамам — прадукцыя камбіната. Акрамя таго, прадугледжана матэрыяльная дапамога, калі работнік ідзе ў працоўны водпуск, у сувязі з хваробай, цяжкім матэрыяльным становішчам, на набыццё гародніны, пры ўзяцці шлюбу, нараджэнні дзіцяці, у сувязі з 50-ці, 55-ці і 60-годдзем. Работнік, які адпрацаваў на прадпрыемстве больш за 20 гадоў і ідзе на заслужаны адпачынак, можа разлічваць на матэрыяльную дапамогу ў памеры 2-х сярэднямесячных заработных плат. Калі дзеці работнікаў кансервавагароднінасушыльнага камбіната адпраўляюцца ў аздараўленчы лагер, прадпрыемства цалкам аплачвае пуцёўку. У выпадках, калі ёсць вострая неабходнасць, часткова кампенсуецца і дарослым кошт пуцёўкі на санаторна-курортнае лячэнне. Для стымулявання работы спецыялістаў высокай кваліфікацыі выкарыстоўваецца добраахвотнае страхаванне медыцынскіх расходаў. І калі гаварыць пра клопат арганізацыі пра здароўе сваіх работнікаў, нельга не адзначыць, што апошнія маюць магчымасць два разы ў месяц бясплатна наведваць басейн у спартыўным комплексе “Жамчужына”.
Не забылі ў калектыўным дагаворы надаць увагу і тым, хто шмат гадоў працаваў на прадпрыемстве, а цяпер знаходзіцца на заслужаным адпачынку. 126 пенсіянераў, лёс якіх звязаны з камбінатам, да прафесійнага свята, юбілейных дат, што адзначае прадпрыемства, атрымліваюць сертыфікаты для набыцця прадуктаў. Гэтыя людзі – жаданыя госці кансервавагароднінасушыльнага камбіната, для іх праводзяцца “круглыя сталы”, сустрэчы.
Кожны з членаў прафсаюза ведае, што калектыўны дагавор працуе на поўную сілу толькі тады, калі прадпрыемства атрымлівае прыбытак. У іншым выпадку ледзь выконваюцца толькі асобныя пункты. У выніку спрацоўвае агульная зацікаўленасць у зніжэнні энергазатрат, страт сыравіны, з’яўляецца стымул для добрай працы.
І хоць матэрыяльнае стымуляванне заўжды застаецца галоўным пытаннем, якое хвалюе ўсіх і кожнага, прафсаюзнаму камітэту прадпрыемства даводзіцца вырашаць і шмат іншых задач.
— У прафсаюзны камітэт звяртаюцца людзі па розных пытаннях, іншы раз проста атрымаць параду, выказаць набалелае. Часам добрыя словы, падтрымка значаць для чалавека яшчэ больш, чым нешта матэрыяльнае. Важна ўмець выслухаць, своечасова падказаць правільнае рашэнне, — расказвае старшыня прафсаюзнай “пярвічкі” кансервавагароднінасушыльнага камбіната Кацярына Васільеўна Галавій, якая з 33 гадоў працы на прадпрыемстве 27 узначальвае прафкам.
Чалавек заўжды быў у прыярытэце ў прафсаюза, як і ўвага да яго. А ўвага – гэта і абарона інтарэсаў работнікаў, асабліва ў пытаннях аховы працы, і правядзенне палітыкі ў пытаннях культуры адпачынку, і клопат пра здароўе.
— Прафсаюзную работу, — адзначае Кацярына Галавій, — нельга вымераць кілаграмамі ці метрамі. Галоўны крытэрый яе – атмасфера ў калектыве.
А стварэнню добрай атмасферы садзейнічаюць, як упэўнены і адміністрацыя камбіната, і прафсаюзны камітэт, сумеснае правядзенне вольнага часу, у першую чаргу падарожжы ў тыя месцы, куды не кожны зможа адправіцца сам. Прадпрыемствам былі арганізаваны паездкі ў агратурыстычны комплекс “Каробчыцы”, у Пачаеўскі манастыр. Бацькі разам з дзецьмі наведалі Белавежскую пушчу. Актыўным балельшчыкам хакея была аказана дапамога ў арганізацыі паездкі на чэмпіянат свету па хакеі ў горад Мінск. Наведалі работнікі прадпрыемства і міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар”. Згуртавацца калектыву дапамагаюць і спартыўныя спаборніцтвы, і творчыя конкурсы, і дабрачынныя акцыі. Многія з іх яшчэ толькі ў планах. Чым напоўніцца жыццё прафсаюзнай арганізацыі, залежыць ад актыўнасці кожнага члена прафсаюза. Але, вядома, не паасобку, а толькі разам.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: адміністрацыя і прафкам кансервавагароднінасушыльнага камбіната абмяркоўваюць пункты калектыўнага дагавору.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 14 от 24.02.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!