Маларытчына ў новым “абліччы”

Нядаўна ў Мінску прайшла экскурсійна-турыстычная выстава “ПРАФТУР-2015”. Падчас яе былі падведзены вынікі конкурсу на лепшы турыстычны маршрут года “Беларусь у новым абліччы”, арганізатарам якога стала турыстычна-экскурсійнае ўнітарнае прадпрыемства “Белтурыст” пры падтрымцы Федэрацыі  прафсаюзаў Беларусі. 

На суд журы, куды ўваходзілі прадстаўнікі Нацыянальнай Акадэміі навук РБ, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Нацыянальнага агенцтва па турызме, Беларускага грамадскага аб’яднання экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, было прапанавала 80 новых распрацаваных турыстычных маршрутаў з многіх рэгіёнаў краіны. У фінал было адабрана толькі 16 лепшых. У іх лік трапіў і праект маршруту двухдзённага падарожжа па Маларытчыне “Рыцкі куфэрак”, які распрацавала Таццяна Мартынюк, настаўніца геаграфіі раённай гімназіі. Па выніках конкурсу ён быў адзначаны дыпломам.
— Турыстычнае аўтападарожжа “Рыцкі куфэрак” пралягае па маршруце Маларыта-Гусак – Лешніца (Пажэжынская крыніца) – Велікарыта – Лукава — Маларыта, — кажа Таццяна Аляксееўна. – Гэта – двухдзённы тэматычна-пазнавальны сезонны (летні) маршрут выхаднога дня, які пачынаецца і заканчваецца ў Маларыце. Агульная яго працягласць складае прыблізна 85-90 кіламетраў. У падарожжы, якое разлічана на дарослых, могуць прыняць удзел як арганізаваныя групы, так і індывідуальныя турысты.
Таццяна Мартынюк таксама зазначыла, што за два дні праходжання маршруту падарожнікі змогуць наведаць 15 турыстычных аб’ектаў, атрымаць вялікі аб’ём пазнавальнай інфармацыі пра гісторыю, прыроду і этнаграфію Маларыцкага раёна. Маршрут прадугледж­вае і вольны час, які можна прысвяціць адпачынку на рацэ Рыта і возеры Лукаўскае, наведаць рускую лазню або накіравацца на веласіпедную прагулку, парыбачыць або пасядзець ля вогнішча, прыняць удзел у мясцовых народных абрадах і святах. Амаль усе аб’екты маршруту даступныя ў розныя поры года, але найбольш цікава па іх прайсціся ў летні час.
Асноўная інфармацыя пра аб’екты, што наведваюцца падчас маршруту, даецца экскурсаводам (арганізаваныя групы), а для індывідуальных турыстаў могуць быць падрыхтаваны інфармацыйныя матэрыялы ў выглядзе буклетаў або відэададаткаў для планшэтаў ці мабільных тэлефонаў.

Мікалай НАВУМЧЫК.

На здымкУ: Таццяна Мартынюк, распрацоўшчык новага турыстычнага маршруту на Маларытчыне.

Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 16 от 2.03.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!