Доўгая рака жыцця

На адным тыдні сваё 95-годдзе адзначалі адразу дзве жыхаркі нашага раёна –  Ганна Ігнатаўна Пракапук з вёскі Збураж і Ганна Лукашаўна Юхімук з Маларыты. Кожная з іх сваю важкую юбілейную дату сустракала не толькі ў акружэнні родных людзей, але і гасцей. З віншаваннямі ў дамы юбілярак прыехалі дырэктар тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Людміла Алесік, загадчыца аддзялення пярвічнага прыёму, аналізу і прагназавання Алена Качанкова і старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Бойка.

“Думала, што
не перажыву вайну…”
Пятую зіму Ганна Ігнатаўна Пракапук праводзіць у сына, які жыве ў Маларыце. Вельмі сумуе, вядома, па дому, што ў Збуражы. У дзяцей, як гаворыць, жыць добра, не кожная дачка так за маці даглядае, як яе нявестка з сынам, але ж у сваёй хаце кожны куточак дарагі, бо ў ім жывуць успаміны. А ўспамінаецца бабулі Ганне і тое, як яшчэ да вайны 16-гадовай дзяўчынай стала яна ўжо мужняй жонкай, як нарадзіўся сын-першынец, як пачалася вайна і ў вёску прыйшлі немцы, як ужо з двума сынамі на руках хавалася яна ў лесе, каб выратаваць дзяцей і самой застацца жывой. Памятае Ганна Ігнатаўна і жыццё ў зямлянцы, з якой выходзілі толькі ўначы, і папялішча сямейнага гнязда, на якім потым яны з мужам адбудавалі дом і дзе нарадзіўся яшчэ трэці сын. Жыццё ў сялянскай працы пранеслася, як імгненне.
– Ці ж я думала, што да такіх гадоў дабуду і ў вайну выжыву? – ківаючы галавою, у задуменні разважала Ганна Ігнатаўна. І тут жа, быццам жадаючы падзяліцца сваім жыццёвым вопытам, працягвала. – Чалавек з усім, што наканавана, справіцца. Я і мужа пахавала, і смерць аднаго сына перажыла. Жыць ужо не хацелася. Але вось ужо які дзень нараджэння сустракаю.
Дзякуе Богу Ганна Ігнатаўна, што свае дзевяноста пяць яшчэ на нагах і пры памяці сустракае. Усё з мінулага памятае, пра сённяшняе жыццё разважае, вельмі хвалюецца за здароўе нявесткі, якой назначылі аперацыю, і з нецярплівасцю чакае вясны, каб зноў паехаць у Збураж і дыхнуць паветрам родных мясцін.

Ген даўгалецця
– У нашым родзе многія доўга жылі. Дзед 100-годдзе сустрэў, маці больш як 90 гадоў пражыла. Вось і мне ўжо 95, – расказвала гасцям Ганна Лукашаўна Юхімук.
Ёй, упэўнена жанчына, дастаўся ген даўгалецця. За сваё жыццё многае яна бачыла, многае памятае і ведае, выгадавала траіх дзяцей, на яе вачах падрасталі, станавіліся на ногі сямёра ўнукаў, дачакалася яна не толькі праўнукаў, але і прапраўнукаў. Аднак балюча, што давялося застацца ўдавою і, самае страшнае, перажыць дваіх сваіх дзяцей. І ўсё ж, калі ў доме на святы збіраецца ўся вялікая сям’я, для якой за адным сталом месца ўжо мала, душа Ганны Лукашаўны радуецца.
Увогуле святы, як прызнавалася ў размове доўгажыхарка, яна любіла заўжды. І на вяселлях была першай спявачкай.
– Не магу зразумець, чаму так атрым­лі­ваецца. Цяпер і ў магазінах усё ёсць, і жыццё мірнае, добрае, а настрой у моладзі нейкі сумны. Некалі лета чакалі, каб на танцы пад адкрытым небам сабрацца. Цяжка працавалі, але заўсёды песня гучала. Цяпер жа на вуліцу выйдзеш – ціха вакол. А жыццю трэба радавацца, бо пралятае яно хутка, – разважала Ганна Лукашаўна.
Жыццё Ганны Лукашаўны, як успамінае яна, было сплецена з працы. Дзяўчынкай на поле бегла, бо сям’я была вялікая, на зямлі ўсе працавалі, каб на стол на сняданак ці вячэру было што падаць. Нават вучыцца часу не хапіла, усяго некалькі месяцаў наведвала яна польскую школу. Выйшла замуж, а тут вайна. Муж у партызанах быў, а ёй, маладой жонцы, даводзілася ўсю нялёгкую вясковую работу самой рабіць. Потым былі заводскія цяжкія змены, работа ў цялятніку, якая пасля працы ў кансервавым цэху лёгкай здалася. Нават пасля выхаду на заслужаны адпачынак Ганна Лукашаўна без працы заставацца не хацела – на поле з брыгадай выходзіла. І ў свае 95 яна не жадае сядзець на месцы. Хоць ва ўсіх справах ёй гатова дапамагчы нявестка, якая жыве разам, Ганна Лукашаўна сама і дроў прынясе, і вады, і ў пакоі, як можа, прыбярэ, і нават рэчы свае памые.
– Калі сяду, дык ужо, мабыць, і не ўстану, – жартуе доўгажыхарка.
Яна ўпэўнена, што праца падаўжае жыццё, абараняе ад хвароб. І шчыра прызнаецца, што ніколі не любіла хадзіць да дактароў. Ды і патрэбы такой асабліва не было. А сакрэт здароўя, як лічыць, просты – елі раней ўсё тое, што самі сваімі рукамі вырошчвалі. А гэтыя прадукты экалагічна чыстымі былі. Але каб атрымаць іх, нельга было ленавацца. Вось і вывад просты: хочаш доўга жыць – старайся, працуй!
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: у гасцях у юбілярак.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 16  2.03.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий