Баксёрскія дасягненні

Прыватная “Школа бокса” ў Маларыце, якую адкрыў Павел Дзячук, існуе трохі больш чым 2 гады. Яе выхаванцы ўжо змаглі паказаць высокія вынікі. Сярод дасягненняў – неаднаразовыя перамогі на абласных, рэспубліканскіх першынствах, міжнародных спаборніцтвах. І вось чарговыя поспехі. Нядаўна ў Баранавічах праходзіла абласное першынство па боксе. У спаборніцтвах прыняў удзел 81 спарт­смен з 7 гарадоў і раёнаў Брэстчыны. Узровень першынства быў даволі высокім, бо ў ім прымала ўдзел 18 кандыдатаў у майстры спорту, а таксама адзін майстар спорту РБ.

Маларыцкія баксёры на ім выступілі годна. Чэмпіёнам спаборніцтва сярод юнакоў 2000-2001 гадоў нараджэння стаў Кірыл Крэйдзіч, дзесяцікласнік з раённай гімназі. Трэція месцы ў гэтай узроставай групе ва ўпартай барацьбе дасталіся Уладзіславу Арлоўскаму і Сцяпану Дзячуку. Маларыцкія баксёры змагаліся за званне мацнейшага і ў іншых катэгорыях. Андрэй Капітан стаў лепшым сярод групы моладзі 1998-1999 гадоў нараджэння. Ён бой выйграў накаўтам за 12 секунд.
-Стаць лепшым на абласным першынстве каштуе многага, – гаворыць Павел Дзячук. – Між іншым, гэтае першынство стала адборачным для ўдзелу лепшых баксёраў у рэспубліканскіх спаборніцтвах. У іх прыме ўдзел і каманда з 6 баксёраў нашай прыватнай “Школы бокса”. Па іх выніках лепшыя спартсмены будуць абараняць гонар краіны на чэмпіянаце Еўропы.
-Ці ёсць шанц у маларытчан заваяваць пуцёўку на чэмпіянат кантынента?
-Напэўна, ёсць, – кажа Павел Дзячук. – Аднак для гэтага аднаго жадання мала. Неабходна шмат намаганняў, працы над сабой, штодзённых трэніровак. Маларыцкія баксёры могуць многае ў спартыўным плане. Яскравы таму прыклад – Сцяпан Дзячук. У свае 15 гадоў ён член нацыянальнай каманды Беларусі па боксе сярод юніёраў. У складзе яе Сцяпан прымаў удзел у чэмпіянаце свету, які ў верасні 2015г. праходзіў у Санкт-Пецярбургу. Акрамя таго, юнак з’яўляецца чатырохразовым пераможцам першынства Брэсцкай вобласці па боксе. Па выніках чэмпіянатаў рэспублікі Сцяпан ужо заваяваў 4 медалі.
-Хто цяпер займаецца падрыхтоўкай маларыцкай каманды да ўдзелу ў адборачных рэспубліканскіх спаборніцтвах па боксе?
-Юнакоў у нашай спецыялізаванай зале трэніруем удвух: я і Віталій Касцючык. Хлопцы старанна рыхтуюцца да баксёрскіх паядынкаў. Рэзервы для дасягнення высокіх спартыўных вынікаў у нас яшчэ не вычарпаны.
На здымку: трэнеры Павел Дзячук і Віталь Касцючык з баксёрамі Кірылам Крэйдзічам, Уладзіславам Арлоўскім, Сцяпанам Дзячуком і Андрэем Капітанам пасля чарговай трэніроўкі.

Опубликовано ГЧ № 23 лот 30.03.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий