Школа майстэрства для вясковай дзетвары

Далёка не кожная вёска можа пахваліцца школай народнай творчасці. Хаціславу,  дзякуючы таленавітым майстрам, якія жывуць у вёсцы,  пашанцавала. З ранняга ўзросту хаціслаўскія хлопчыкі і дзяўчынкі могуць спасцігаць таямніцы рамёстваў дзедаў і прадзедаў. У школе мастацтваў, якая працуе пры сельскім Доме культуры, могуць вучыцца яны вязанню, вышыўцы, бісерапляценню і рабоце з саломкай.
Вязанню кручком і пляценню з пацерак вучацца дзеці ў Вольгі Уладзіміраўны Смаль, урокі вышыўкі выкладае Галіна Міхайлаўна Бенясюк, а ўмела ператвараць саломку ў цудоўныя залацістыя шэдэўры дапамагае хлопчыкам і дзяўчынкам Наталля Рыгораўна Кавальчук.
Майстэрства саломапляцення прыйшло да нас ад нашых далёкіх продкаў. Кажуць, што саломка, увабраўшы ў сябе за лета, якое праводзіць на полі, сонечную энергію, здольна аддаваць таму, хто з ёй працуе, сваё цяпло і сілу. Напэўна, інтуітыўна адчуваючы гэта, дзеці так цягнуцца менавіта да саломапляцення і інкрустацыі саломкай. Гурток, які вядзе Наталля Рыгораўна, прыцягвае да сябе не толькі дзяўчынак, якім самой прыродай дадзена быць рукадзельніцамі, але і хлопчыкаў. Сямікласнікі Лёня Яўтушык і Андрэй Сцепанюк працуюць з саломкай ужо другі год. Рабіць прыгожыя сувеніры для хлопчыкаў – проста задавальненне. І хоць справа гэтая патрабуе ўседлівасці, цярплівасці, увагі , акуратнасці, яны не расчароўваюцца, бо працэс стварэння рэчаў з саломкі — творчы. Ахвотна вось ужо трэці год наведваюць гурток Лена Саўчук, Таня Макарук, а таксама сёстры Света і Лена Саўчук. Іх работы неаднойчы пабывалі ўжо на выстаўках у раёне, вобласці і многіх гарадах Беларусі. Дарэчы, у школы народнай творчасці нямала ўзнагарод. Заўжды з дыпломамі вяртаюцца майстры  з розных конкурсаў. А на кірмашах многія наведвальнікі не супраць набыць сабе цікавыя сувеніры з пацерак, нітак  і саломкі, якія прадстаўляе хаціслаўская школа народнай творчасці. Заробленыя грошы ідуць на набыццё фарбаў, клею, лаку, каб было з чаго зноў ствараць рукатворныя дзівосы.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час заняткаў у школе народнай творчасці.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!