Бізнес на сваім месцы

Што малы бізнес у нашым раёне не стаіць на месцы, па­цвярджаюць многія факты, у ліку якіх і ўсё большая колькасць тых, хто жадае адкрыць сваю ўласную справу. Прычым не толькі ў сферы аказання паслуг гандлю, але і ў сферы быта­вога абслугоўвання. Вось і нядаўна ў горадзе пачала працаваць цырульня індывідуальнага прадпрымальніка Наталлі Рач­ке­віч.

Жаданне займацца сваёй любімай справай у Наталлі было даўно. Але гэтага, мяркуе яна, мала, каб наладзіць свой бізнес. Патрэбны грашовы капітал, памяшканне, якое адпавядала б усім неабходным патрабаванням. З першым 2 гады таму назад дапамагла дзяржава. На адкрыццё ўласнай справы ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталлі выдзелілі субсідыю. Праўда, скарыстацца ёю яна тады не змагла, бо па аб’ектыўных прычынах ажыццявіць задуманае не ўдалося. А калі ўсё наладзілася, Наталля ўзялася за ўвасабленне сваёй ідэі.
Ці шмат трэба было паклапаціцца? Вядома ж. Але Наталля прызналася, што ўсе клопаты для яе былі прыемнымі, бо яна добра ведала, для чаго яны. З памяшканнем дапамаглі ў КУШВП ЖКГ”Маларыцкая ЖКГ”: у гасцініцы”Юбілейная” выдзелілі для індывідуальнага прадпрымальніка пакой, які яна арандуе. Наталля разам з мужам зрабілі тут рамонт, абсталявалі яго на свой густ. Словам, стварылі ўсе ўмовы, каб камфортна было як самому цырульніку, так і кліентам.
Цікавы факт: у тым жа памяшканні гасцініцы арандуе пакой яшчэ адзін індывідуальны прадпрымальнік-цырульнік, які даўно адкрыў сваю справу. Але Наталля прызналася, што не любіць словы канкурэнцыя і канкурэнты. Усе, хто аказвае паслугі цырульні, проста яе калегі. Бо ў кожнага — свае кліенты. І заваёўвае іх кожны сам. Чым? Вядома ж, у першую чаргу прафесійнымі задаткамі, майстэрствам, якое прыходзіць не адразу, а з гадамі.
Сама Наталля спрабавала сябе ў якасці цырульніка яшчэ ў школьныя гады: на сваіх сяброўках, а затым — на работніках дзіцячага садка №1, дзе некалі кастэлянкай працавала яе мама і дзе яна любіла бываць. Падабаліся сябрам і знаёмым ці не зробленыя ёю стрыжкі, Наташа не ведала, але ёй увесь час хацелася працаваць з нажніцамі, фантазіраваць, эксперыментаваць. Тым больш, што і самі так званыя Наташыны кліенты былі не супраць. Наадварот, ахвотна згаджаліся, каб чарговы эксперымент ці новая мадэль стрыжкі былі апрабаваны юным цырульнікам менавіта на іх. А калі прыходзілі ў захапленне, гледзячы на сябе ў люстэрка, прарочылі сваёй сяброўцы вялікую будучыню.
Новыя веды па цырульніцкаму майстэрству Наталля ахвотна набывала ў адным са спецыялізаваных брэсцкіх вучылішчаў, замацоўвала ж іх у цырульнях нашага горада побач з вопытнымі і прызнанымі тады майстрамі, у каго таксама многаму можна было навучыцца.
А ў хуткім часе, калі ў нашым райцэнтры адзін з прадстаўнікоў малога бізнесу адкрыў прыватны салон”Сафія” па аказанні паслуг цырульні, Наталля Рачкевіч аказалася ў ліку тых, каго запрасілі сюды працаваць.
Калі гаварыць пра прафесійнае майстэрства, дык яго Наталля адшліфоўвала доўга і сама. Не раз па ўласнай ініцыятыве ездзіла на спецыяльныя курсы, практычныя заняткі на якіх, майстар-класы праводзілі знакамітыя тытулаваныя цырульнікі. Гэта давала значна больш, чым спецыяльная літаратура, якую таксама пастаянна падчытвала Наталля.
Не раз і ёй прапаноўвалі ўдзельнічаць у розных конкурсах. Але яна ніколі не згаджалася, бо лічыла, што яшчэ не дасягнула таго ўзроўню, які можна паказваць іншым.
— Ды і наогул, — прызнавалася Наталля, — не люблю працаваць на публіку. Мне прыемна працаваць з канкрэтным чалавекам, які сам вызначае, будзе ён маім пастаянным кліентам ці не.
Дарэчы, наконт кліентаў. Многія з тых, каго Наталля Рачкевіч абслугоўвала хоць адзін раз, цырульніка больш не мянялі. Ну а калі нехта і спрабаваў трапіць да іншых, каб праверыць іх майстэрства і параўнаць з Наташыным, усё роўна рана ці позна зноў прыходзілі да яе. І цяпер яны, як гавораць, кліенты са стажам.
Чым падкупляе Наталля? Многім. Але найперш уменнем дагадзіць свайму кліенту. Для чаго абавязкова ўлічвае яго пажаданне, накірункі моды, ну і, вядома ж, структуру валасоў і знешнія дадзеныя кліента. Але ў любым выпадку стараецца зрабіць так, каб чалавек выйшаў з цырульні прыгожым, задаволеным і абавязкова з добрым настроем.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
На здымку: індывідуальны прадпры­маль­нік Наталля Рачкевіч.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано Гч № 25 от 6.04.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!