Крыніца жыццёвых сіл

Аб тым, як любімая справа можа выратаваць ад адзіноты, дапамагчы справіцца з душэўным болем і пакутамі з-за фізічнай немачы, можа шчыра расказаць жыхарка вёскі Масевічы Ніна Іванаўна Цітова. Даволі не салодкі дастаўся жанчыне лёс. Прайшла яна цяжкія выпрабаванні з-за хваробы сына, а цяпер і сама амаль што прыкавана да ложка.  Гадзіны, якія без справы цягнуцца ўдвая даўжэй, бавіць гаспадыня за вышыўкай.

Вышытыя іконы, карціны, ручнікі, сурвэткі і многія іншыя рэчы для Ніны Іванаўны не проста ўпрыгожванне пакоя. Гэта яе штодзённае творчае жыццё. Без іголкі, ніткі і яркага малюнка, які, крыжык за крыжыкам, напаўняе белае палатно фарбамі, не можа яна і дня.
Вышываць дзяўчынка Ніна навучылася ад маці. Але ў дзяцінстве неяк не вельмі цягнулася да такой карпатлівай работы. І толькі калі з-за інваліднасці сына трэба было шукаць хоць нейкую падпрацоўку, Ніна Іванаўна ўспомніла пра навыкі вышыўкі і ўладкавалася надомніцай у прадпрыемства “Дзіона”. За многія гады яе самабытнае ўмельства адшліфавалася.Праўда, тады, як успамінае жанчына, вышываць даводзілася на заказ. І хоць работу выконвала старанна, такой асалоды, як цяпер, калі вышывае проста для душы, не адчувала.
Абмежаваная сценамі свайго пакоя, Ніна Цітова, вядома, не змагла б сама набыць тканіну, ніткі. Усім гэтым забяспечвае яе сацыяльны работнік, надзейная памочніца Сняжана Рэзановіч. Яна і часопісы са схемамі арнаментаў прыносіць. Па іх вышыла Ніна Іванаўна нямала прыгожых ручнікоў, многія з якіх сталі прыемным падарункам і паехалі з новымі гаспадарамі ў Сібір, Польшчу, Германію.
…За акенцам бягуць па небе шэрыя хмары, вецер хістае галіны дрэў. Каб крыху адпачылі ад напружання вочы, вышывальшчыца пераводзіць погляд з канвы на малюнак прыроды за акном. Позняй восенню, зімою і ранняй вясной ён шэры, а таму так хочацца Ніне Іванаўне дабавіць у свае вышытыя вырабы яркія фарбы. Макі, васількі, ружы прывабліваюць умела падабранымі колерамі. Ад іх зыходзіць летняе цяпло, якое сагравае адзінокую душу жанчыны.
— Вы не паверыце, але вышыўка мяне лечыць, — пераконвае Ніна Іванаўна. – Нярэдка бываюць прыступы астмы. Як вазьмуся за работу, пра ўсё забываю, і хвароба адступае.
Цягнецца ў жанчыны душа да рукадзелля. Умельства вырабляць нешта сваімі рукамі перарасло ў Ніны Цітовай у нешта большае, чым проста захапленне. Вялікая калекцыя вышытых рэчаў, якія яна з задавальненнем паказвае гасцям, самой ёй узнімае настрой.
— Мне прыемна, калі бачу, што мае вышыўкі некага радуюць. Адчуваю тады, што не дарэмна стараюся, — заўважае Ніна Іванаўна.
І хоць мова ідзе пра такую простую, а для кагосьці, магчыма, зусім нязначную справу, як вышыўка, з размовы яшчэ больш зразумела, наколькі важным, нават жыццесцвярджальным можа быць простае хобі. Галоўнае толькі, каб у чалавека было жаданне хоць у нечым рэалізаваць сябе.
Святлана МАКСІМУК.

НА ЗДЫМКУ: рукадзельніца Ніна Іванаўна Цітова.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 27 от 13.04.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!