Працаўладкавацца дапаможа субсідыя

Страціць работу можна па розных прычынах. На жаль, у цяперашні складаны час цяжка працаўладкавацца, на адну вакансію прэтэндуюць некалькі чалавек. Часта беспрацоўнаму ўвогуле не могуць нічога прапанаваць па яго спецыяльнасці. У такім выпадку ёсць два выйсці: перакваліфікавацца ў новую сферу дзейнасці ці адкрыць сваю справу. У абодвух выпадках дапамогу можа аказаць упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
Важным пунктам дзяржпраграмы, прызначанай садзейнічаць росту занятасці насельніцтва, з’яўляецца фінансавая падтрымка прад­пры­мальніцтва і самазанятасці насельніцтва. Аб субсідзіраванні бес­пра­цоў­ных, якія вырашылі самі арганізаваць для сябе працоўнае месца, ішла размова з Таццянай Хатынюк, начальнікам аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

— Таццяна Васільеўна, што ўвогуле трэба разумець пад паняццем «субсідыя», і ці кожны беспрацоўны, які жадае стаць прадпрымальнікам, можа разлічваць на фінансавую падтрымку з боку дзяржавы?
— Субсідыя – гэта бязвыплатная аднаразовая грашовая дапамога, якую прадастаўляе ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне беспрацоўнаму для частковага кампенсавання яго фінансавых затрат, звязаных з арганізацыяй прадпрымальніцкай дзейнасці. Падобныя субсідыі выдаюцца дзяржавай з 1992 года. За гэты час адкрыць сваю справу змаглі тысячы прадпрымальнікаў па ўсёй краіне. Многія з іх сёння з’яўляюцца ўласнікамі цэлых прыватных прадпрыемстваў. Аднак мы не можам дапамагчы ўсім і адразу. Толькі пры ўмове, што беспрацоўны не змог працаўладкавацца на іншым месцы, калі сярод свабодных вакансій няма той справы, якой бы ён хацеў займацца ў якасці прадпрымальніка, чалавек можа разлічваць на дзяржаўную субсідыю.
— Ці існуюць асобныя сферы дзейнасці для прадпрымальнікаў, якія ў першую чаргу падтрымліваюцца дзяржавай?
— Субсідыі выдзяляюцца перш за ўсё вытворцам тавараў і паслуг, людзям, якія хочуць займацца рамеснай справай, прадпрымальніцтвам у сферы аграэкатурызму. Таксама перавагі ў атрыманні дзяржаўнай субсідыі ёсць у інвалідаў, жанчын і моладзі. Але мы падтрымліваем ініцыятывы кожнага чалавека, які жадае развівацца. Бо ён будзе больш паспяховым у той дзейнасці, якая яму падабаецца і ў якой у яго ёсць пэўныя навыкі.
-Таццяна Васільеўна, на якіх умовах беспрацоўнаму выдаецца субсідыя для арганізацыі малога бізнесу?
— Перш за ўсё чалавек павінен быць зарэгістраваны ў аддзеле занятасці ў якасці беспрацоўнага больш за месяц і няма магчымасці яго працаўладкаваць. Акрамя таго, беспрацоўны павінен падрыхтаваць разгорнуты бізнес-план, дзе будзе распісана дзейнасць прадпрыемства на пачатковым этапе і ў перспектыве. Дарэчы, мы адпраўляем зацікаўленых людзей на спецыяльныя курсы “Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці”, дзе яны ў двухтыднёвы тэрмін атрымліваюць неабходныя для пачатку сваёй дзейнасці веды па прававым забеспячэнні, бухгалтарскім уліку і справаздачнасці. У час вучобы беспрацоўным дапамагаюць скласці бізнес-план, вызначаюць моцныя і слабыя бакі, робяць упор на разлік паспяховасці той ці іншай справы. У мінулым годзе такія курсы прайшлі 9 беспрацоўных, якія вырашылі распачаць свой малы бізнес з дапамогай дзяржаўнай субсідыі.
Трэба разумець, што субсідыю можа атрымаць толькі чалавек адказны, які разлічвае свае сілы, упэўнены ў поспеху сваёй справы. Асноўная ўмова пры выдзяленні субсідыі — ажыццяўленне дзейнасці больш за 6 месяцаў у 12-месячным перыядзе з моманту дзяржаўнай рэгістрацыі. Мы, дарэчы, добра вывучаем асобу, якой будуць давераны грошы, праводзім тлумачальныя гутаркі. Прадпрымальнік у перыяд першых трох месяцаў работы павінен даваць справаздачу, як ён распарадзіўся атрыманымі сродкамі. За кошт субсідыі ён можа набыць абсталяванне, інструменты, машыны і механізмы, сыравіну, матэрыялы, з дапамогай якіх будзе весці сваю справу.
— Які аб’ём субсідыі для стварэння асабістага працоўнага месца? Колькі чалавек атрымалі яе летась?
— Памер субсідыі для жыхароў горада складае 11 бюджэтаў пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, які дзейнічае на дату заключэння ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама дагавора аб выдзяленні субсідыі. Сёння гэта амаль 17,5 мільёна рублёў. Вясковым жыхарам субсідыя выдзяляецца ў памеры 15 бюджэтаў пражытачнага мінімуму, ці 23,9 мільёна рублёў. У мінулым годзе скарысталіся субсідыямі 9 цяпер ужо прадпрымальнікаў і 2 рамеснікі. Прычым, па субсідыі звярталіся толькі гарадскія жыхары.
— А ў якіх сферах дзейнасці яны рас­па­чалі сваю справу? Ці паўта­раюцца з году ў год прафесіі, якія суб­сі­дзі­руюцца?
— Найбольш распаўсюджанымі відамі дзейнасці з’яўляюцца будаўніча-аддзелачныя работы, пашыў і рамонт адзення. Таксама летась з дапамогай субсідыі была арганізавана дзейнасць па аказанні фотапаслуг. У асноўным пералік прафесій, якімі хацелі б сябе забяспечыць прадпрымальнікі, падобны. Аднак, у 2015 годзе ўпершыню мы выдавалі субсідыі для рамесніцкай дзейнасці па вытворчасці і ўстаноўцы вырабаў з дрэва, а таксама па вырабу паштовак і мыла ручной работы. Штогод каля 10 беспрацоўных раёна атрымліваюць дзяржаўную падтрымку ў выглядзе субсідыі. Многія з прадпрымальнікаў, якія цяпер маюць свае магазіны, майстэрні, добра зарэкамендавалі сябе ў сферы паслуг, пачыналі свой бізнес дзякуючы дзяржаўнаму субсідзіраванню. Таму, калі ў вас ёсць цікавыя ідэі і вы бачыце сябе ў ролі прадпрымальніка, можаце звяртацца па кансультацыі ў аддзел занятасці.
Гутарыла Дар’я ЛУЦЫК.

На здымку: Таццяна Хатынюк, начальнік аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 27 от 13.04.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!