НАДЗЕЙНЫ НА ЎСЕ 100

Вадзіма Дэйнака на яго трактары МТЗ-3022 мы спынілі па дарозе на поле. Ён вельмі спяшаўся: восенню не так многа пагодлівых дзён, а работы яшчэ трэба зрабіць нямала, бо калі зараз не паклапоцішся пра зямлю, на добры ўраджай новага года можна і не разлічваць.
— Вадзім у нас хоць малады механізатар , але вельмі старанны і надзейны, — знаёміць з юнаком намеснік старшыні СВК “Гвозніца” па ідэалагічнай рабоце Марыя Іванаўна Лазута. – Калі ён бярэцца за справу, можна быць спакойным, што зробіць усё  як трэба.
Працавіты, адказны, умелы – менавіта такім ведаюць Вадзіма ў гаспадарцы. А працуе ён тут  ужо два гады. На розных работах яго трактар задзейнічаны круглы год. А летам, у адказны час жніва, перасядае юнак на камбайн і старанна працуе на ўборцы зерня і, як заўжды, выходзіць у лік лідараў.
З пачатку восені, калі трэба ўжо думаць пра будучы ўраджай,   малады механіза­тар быў задзейнічаны на падрыхтоўцы глебы пад азімую сяўбу. А зараз заняты на зябліве, рыхтуе палі пад веснавую сяўбу. Якую б работу ні выконваў  Вадзім, усё робіць энергічна і зацікаўлена, а як жа інакш — зямля любіць, калі пра яе клапоцяцца.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: механізатар СВК “Гвозніца” Вадзім ДЭЙНАК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!