Дыягностыка здароўя

У рамках Дня прафілактыкі хвароб сэрца на працягу двух дзён у раёне працавалі дыягнастычныя пункты, мэта якіх на ранняй стадыі выявіць фактары рызыкі захворвання. 20 красавіка пункт дыягностыкі здароўя размясціўся ў Маларыцкай цэнтральнай раённай аптэцы № 14. Людзі маглі змераць артэрыяльны ціск, вагу, вылічыць свой індэкс масы цела. Адхіленні ад нормы ў гэтых паказчыках — прадвеснікі сардэчна-сасудзістых захворванняў.
За час дзеяння пункта дыягностыкі яго наведалі некалькі дзясяткаў маларытчан. У многіх артэрыяльны ціск быў павышаны, а індэкс масы цела перавышаў паказчыкі нормы. Наведвальнікі аптэкі на працягу дзвюх гадзін маглі атрымаць карысныя рэкамендацыі ўрача-тэрапеўта Ірыны Губей і ўрача-валеолага Вольгі Кавалеўскай наконт таго, як правільна харчавацца, да якіх сродкаў прафілактыкі хвароб сістэмы кровазвароту звяртацца.
Дарэчы, як адзначыла Ірына Пятроўна, каб падтрымліваць здароўе сэрца і сасудаў, трэба адмовіцца ад курэння, ужываць больш расліннай ежы, стравы, багатыя ненасычанымі тлустымі кіслотамі. Добрым сродкам прафілактыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў з’яўляецца рыбін тлушч. Таксама неабходна пазбягаць атлусцення, весці актыўны лад жыцця, даваць свайму арганізму ўмераныя фізічныя нагрузкі, рабіць кардыятрэніроўкі. А яшчэ захоўваць рэжым працы і адпачынку, засцерагаць сябе ад стрэсаў і штогод праходзіць абследаванні ў спецыялістаў.
Дар’я ЛУЦЫК.
На здымку: у час работы дыягнастычнага пункта ў Маларыцкай цэнтральнай раённай аптэцы № 14.
Фота аўтара.

Опубликовано  № 31 ОТ27.04.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!