У ЗАГС… на экскурсію
ЗАГС у першую чаргу ў кожнага з нас асацыіруецца з урачыстай і незабыўнай падзеяй ў жыцці чалавека – шлюбам, букетамі кветак, шчырымі і сардэчнымі віншаваннямі.
-Аднак аддзел ЗАГС Маларыцкага райвыканкама выконвае і іншыя важныя функцыі, — гаварыла Наталля Камянчук, яго загадчыца, падчас экскурсіі для вучняў 11-ых класаў раённай гімназіі. – У нас, пры неабходнасці, можна прасачыць па дакументах усё жыццё кожнага чалавека: рэгістрацыю нараджэння, смерці, усынаўленне (удачарэнне), устанаўленне бацькоўства (мацярынства), змена прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку, скасаванне шлюбу. ЗАГС таксама змяняе, папраўляе, дапаўняе запісы актаў грамадзянскага стану, узнаўляе страчаныя запісы, анулюе запісы актаў грамадзянскага стану па рашэнні суда, захоўвае кнігі рэгістрацыі, аднаўляе шматлікія архіўныя звесткі разнастайных дакументаў…
Адзінаццацікласнікі таксама даведаліся, што адміністрацыйныя працэдуры праводзяцца як па пісьмовых, так і па вусных заявах грамадзян ва ўстаноўленыя тэрміны.
Наталля Мікалаеўна паведаміла, што па жаданні, для ўмацавання сямейных традыцый, павышэння прэстыжу сям’і аддзел ЗАГС праводзіць ушанаванне сярэбраных, залатых і брыльянтавых юбіляраў сямейнага жыцця. Для кожнай шлюбнай пары складаецца асобны сцэнарый, які засноўваецца на біяграфічных фактах жыцця, гісторыі знаёмства і кахання. А каб дзень рэгістрацыі нараджэння дзіцяці стаў яшчэ адным сямейным святам, аддзел ЗАГС па жаданні бацькоў можа праводзіць яго ўрачыстую рэгістрацыю.
-Адносна новая паслуга аддзела ЗАГС, — гаварыла Наталля Камянчук, — урачыстая рэгістрацыя шлюбу і нараджэння з выкарыстаннем нацыянальных традыцый, на беларускай мове (па ўласным жаданні) і па індывідуальнаму сцэнарыю ў зале ўрачыстай рэгістрацыі ў ГДК.
Дарэчы, за 2015г. аддзелам ЗАГС і сельвыканкамамі раёна па жаданні грамадзян праведзена 30 урачыстых рэгістрацый шлюбу на беларускай мове, 46 – рэгістрацый нараджэнняў дзіцяці, адно – ушанаванне залатой даты сумеснага жыцця, 4 – ушанаванні сярэбраных дат сумеснага жыцця.
Напрыканцы сустрэчы Наталля Камянчук адказала на пытанні гімназістаў.
Між іншым, на экскурсіях у аддзеле ЗАГС таксама пабывалі ўжо адзінаццацікласнікі СШ № 1 і № 2. Асноўная мэта экскурсій – прававая асвета насельніцтва па пытаннях заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб шлюбе, сям’і і парадку рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Наталля Камянчук, загадчыца аддзела ЗАГС Маларыцкага райвыканкама, праводзіць экскурсію для вучняў 11-ых класаў.
Фота аўтара.
опубликовано ГЧ № 31 от 27.04.16г.