На парозе – нарыхтоўка кармоў

Ад таго, наколькі зладжана  стартуе гэтая  адказная ў жыцці працаўнікоў сельскай гаспадаркі кампанія, залежыць, якая кармавая база будзе створана для грамадскага статка на зімова-стойлавы перыяд 2016-17 гадоў і далейшае развіццё  жывёлагадоўчай галіны раёна 

Пра тое, як падрыхтаваліся да корма­на­рых­тоўчай пары ў гаспадарках, расказвае галоўны інжынер райсельгасхарчу Сяргей ХАТЫНЮК:
– Нарыхтоўка кармоў з траў першым укосам, якія сёлета неабходна ўбраць на плошчы 9995 гектараў, вось-вось стартуе. Што мы маем для таго, каб правесці яе ў самыя сціслыя тэрміны і нарыхтаваць якасныя сянаж і сена? Варта сказаць, што гаспадаркі раёна забяспечаны тэхнікай, неабходнай для правядзення корманарыхтоўчай кампаніі. На сённяшні дзень мы маем 42 кормаўборачныя камбайны, 39 трактарных і самаходных касілак, 33 шт. грабель. Праўда, да канца рамонт гэтай тэхнікі на пачатак мая яшчэ не паўсюль завершаны. Асаблівую заклапочанасць у гэтым плане выклікае ААТ “Макраны”, дзе з 6 наяўных кормаўборачных камбайнаў да работы гатовы 3. Падобная сітуацыя і ў СВК “Гвозніца”. Тут да выхаду на сенажаці гатовы ўсяго адзін кормаўборачны агрэгат з 3.
Цяпер пра касілкі. Як паказвае практыка мінулых гадоў, трэцяя частка ад іх наяўнасці не выкарыстоўваецца па прычыне нізкай эфектыўнасці. Таму на касьбе траў першым укосам асноўны ўпор будзе зроблены на шыроказахопныя касілкі, якія ёсць практычна ва ўсіх гаспадарках. Калі ж гаварыць пра іх гатоўнасць у разрэзе гаспадарак, то трэба сказаць, што праблемы ёсць у ААТ “Макраны”. У СВК “Рыта” з 2 наяўных да работы гатова 1. Другую тут вырашылі не аднаўляць, хоць касіць у гаспадарцы ёсць што. Старыя касілкі ў ААТ “Чарняны”. У ДзП «Радзежскае» з 3-х спраўная толькі адна КПР-9.
З граблямі вялікіх праблем няма. У сельгас­прадпрыемствах раёна іх хапае і не ўсе яны выкарыстоўваюцца.
Што тычыцца канчатковай падрыхоўкі кор­маўборачнай тэхнікі да касьбы траў першым укосам, то для поўнага завяршэння яе рамонту неабходна яшчэ паўтара мільярда рублёў. Таму кіраўнікам гаспадарак, дзе ў гэтым застаюцца праблемы, варта паклапаціцца і знайсці гэтыя сродкі, каб своечасова ўступіць у фазу якаснай нарыхоўкі кармоў.
Да старту масавай корманарыхоўкі неабходна завяршыць таксама тэхагляд тэхнікі, якая будзе задзейнічана на сенажацях і луга-пашавых угоддзях. Варта сказаць, што тэх­агляд кормаўборачных камбайнаў ідзе згодна з графікам. Па стане на 1 мая 29 гэтых агрэгатаў з 42 тэхнічны агляд прайшлі.
Кіраўнікам і спецыялістам хочацца напомніць не толькі пра важнасць корманарыхтоўчай кампаніі, але і пра тое, каб яны з вялікай адказнасцю аднесліся да стварэння бяспечных умоў працы падчас яе правядзення. Бо гэта не толькі касьба траў, але і іх транспарціроўка, трамбоўка. Беражонага, як вядома, і Бог беражэ.
Запісала Надзея ЯЦУРА.
НА ЗДЫМКУ: Сяргей ХАТЫНЮК.

Опубликовано ГЧ № 34 от 7.05.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий