Шчасце, прапарцыянальнае дзецям

   Шматдзетная сям’я… У гэтае ўстойлівае спалучэнне слоў закладзены неабсяжны сэнс, вялі­кая любоў адзін да аднаго, моцнае духоўнае адзінства. У такой сям’і ніколі не бывае сумна. Каб раздзяліць радасць з кім-небудзь, не трэба выходзіць з дома, калі ў цябе праблемы — абдымкі дзяцей залечаць любыя раны, а вясёлы смех і наіўная дзіцячая ўсмешка пад­кажуць выйсце нават з самай складанай сітуацыі.

Медыцынская сястра Олтушскай участковай бальніцы Ірына Максімук, у якой трое дзяцей, заўсёды лічыла, што, каб сям’я была не толькі грамадскай ячэйкай, але і шчаслівым востравам, у ёй павінен гучаць дзіцячы смех. Яе сямейнае дрэва складаецца з мноства галінак, бо ў бацькоўскай сям’і Ірыны Якаўлеўны было дзесяць дзяцей. Сутнасць такіх паняццяў, як узаемадапамога, клопат і адказнасць за іншых, ёй не трэба было тлумачыць. З маленства яна даглядала сваіх меншых сясцёр і братоў, і гэта само сабою разумелася, бо і яе выхоўвалі старэйшыя дзеці ў сям’і. Таму пытанне, якую мець сям’ю — малую ці вялікую, для жанчыны не паўставала, бо дзеці, на яе думку, гэта дабро і святло.
— У сям’і, дзе я вырасла, у выхаванні былі важнымі такія рысы, як павага да бацькоў, сумленнасць і справядлівасць. Іх мы з мужам імкнемся выхоўваць і ў сваіх дзяцей, — расказвае Ірына Максімук.
Са сваім будучым мужам Аляксандрам Ірына пазнаёмілася на вяселлі. Узаемная сімпатыя з першага позірку звязала іх нябачнай ніткай. Хлопец, які толькі прыйшоў з арміі, адразу спадабаўся і маці Ірыны. У ім яна ўбачыла чалавека, які стане добрым мужам для яе дачкі. Прайшла маладая пара выпрабаванне кіламетрамі, бо Ірына толькі яшчэ паступіла вучыцца на фельчара ў горад Слонім і дамоў, у родную вёску Ланская, прыязджала рэдка. Ды і мабільнай сувязі тады яшчэ не было. Каб пачуць родны голас у тэлефоннай трубцы, Аляксандр час ад часу званіў у інтэрнат, прасіў, каб хоць на хвілінку паклікалі каханую.
Пачынала сваю працоўную дзейнасць Ірына ў Радзежы. Калі ён і яна маглі ўжо быць побач, згулялі вяселле. Хутка ў маладой сям’і з’явіўся першы сынок – Ілья, якому цяпер 16 гадоў. Ён для бацькоў галоўны памочнік у гаспадарчых справах. Ды і за малодшымі братамі – адзінаццацігадовым Маркам і шасцігадовым Міхаілам, заўсёды рады панаглядаць.
— Вядома, хацелася б, каб і дзяўчынка была, але ж хлопцы ў нас добрыя, хоць і ўсе розныя па характары. Яны і матулі дапамагаюць на кухні, — гаворыць галава сям’і.
Перавага вялікай сям’і яшчэ і ў тым, як з ноткамі гумару адзначае Ірына, што ўсе справы можна зрабіць у два разы хутчэй, калі пяць пар рук бяруцца за адну справу.
— Калі ў каго-небудзь з нашай вялікай радні ў доме радасная падзея, усе збіраемся разам, каб дапамагчы. Вы, напэўна, не бачылі, як салаты гатуюцца за пяць хвілін, — гаворыць Ірына Максімук.
Ужо 5 гадоў жыве сям’я Максі­мукоў у доме, які ім выдзеліла гас­падарка. Аляксандр Андрэевіч працуе вадзіцелем, адвозіць даярак на фермы. Таму на рабоце мужчына з ранку да вечара. Больш з дзецьмі бывае Ірына. Калі выпадае правесці разам выхадныя, сям’я абавязкова знаходзіць цікавы занятак. Захапленне Максімукоў – рыбалка. Пакуль мужчыны сочаць за паплаўком, гаспадыня гатуе абед. Атрымліваецца вясёлы пікнік.
Асноўны прынцып, якім жыве сям’я Ірыны і Аляксандра, — быць адзіным цэлым і пры любых абставінах заставацца чалавекам. Гэтаму вучылі бацькі, цяпер іх чарга перадаць дзецям спадчынную любоў да сваіх каранёў, да родных і блізкіх людзей.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымку: Ірына і Аляксандр Максімукі з сынамі Ільёй, Маркам і Міхаілам.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!